Сцяг Серада, 18 чэрвеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
15 мая 2025, 16:32

"Сацыяльны стандарт бясплатнага плацежнага абслугоўвання". Аб плюсах базавага рахунку расказалі ў Нацбанку

Фота з архіва
Фота з архіва
15 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аб плюсах і асаблівасцях базавага рахунку расказала на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення электронных плацежных інструментаў Галоўнага ўпраўлення плацежнай сістэмы і лічбавых тэхналогій Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Вольга Антановіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Вольга Антановіч нагадала, што з 1 ліпеня 2025 года ўступае ў сілу норма ўказа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь нумар 363 "Аб бягучым (разліковым) банкаўскім рахунку фізічнай асобы з базавымі ўмовамі абслугоўвання", згодна з якой фізічныя асобы, якія атрымліваюць сацыяльныя выплаты і стыпендыі праз банк, павінны адкрыць базавыя рахункі або перааформіць свае бягучыя рахункі ў базавыя.

Інстытут базавых рахункаў быў створаны ў 2021 годзе, і з сакавіка 2022-га некаторыя банкі пачалі прапаноўваць магчымасць адкрыцця такіх рахункаў. "Асноўнае адрозненне базавага рахунку ад звычайнага заключаецца ў тым, што з яго ўладальнікаў не спаганяецца ўзнагароджанне за ажыццяўленне аперацый на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і ў нацыянальным сегменце інтэрнэту, якія ўключаны ў базавыя ўмовы абслугоўвання. Пералік гэтых аперацый устаноўлены нарматыўнымі прававымі актамі. Акрамя таго, базавы рахунак можна адкрыць і закрыць бясплатна. Яго трымальнік мае права без камісіі залічваць на рахунак розныя сацыяльныя выплаты, стыпендыі і пенсіі, а таксама ажыццяўляць пераводы паміж базавымі і іншымі рахункамі, якія належаць яму ў тым жа банку. У выпадку закрыцця рахунку магчыма пералічэнне сродкаў на другі рахунак або перанясенне базавага рахунку ў другі банк", - падкрэсліла Вольга Антановіч.

Пры жаданні грамадзяніна банк бясплатна выпусціць банкаўскую плацежную картку плацежнай сістэмы "Белкарт" для доступу да базавага рахунку. "Карткай можна разлічвацца за тавары і паслугі ў магазінах, у інтэрнэце і праз АРІП, а таксама бясплатна здымаць наяўныя грошы ў банкаматах і касах таго банка, у якім адкрыты рахунак", - дадала спецыяліст. Калі чалавек не хоча выпускаць картку, то свае сацыяльныя выплаты ён можа атрымліваць у касе банка.

Вольга Антановіч падкрэсліла, што ўладальніку базавага рахунку на заканадаўчым узроўні гарантавана магчымасць атрымання на бязвыплатнай аснове шэрага плацежных паслуг, якія найбольш запатрабаваны ў штодзённым жыцці. "Такім чынам дзяржава дае магчымасць грамадзянам атрымаць базавы сацыяльны стандарт бясплатнага плацежнага абслугоўвання", - сказала яна.

Для адкрыцця базавага рахунку чалавек можа самастойна выбраць банк з ліку тых, якія прадастаўляюць паслугу па адкрыцці базавых рахункаў. Цяпер гэта 11 банкаў. "Грамадзянін, які жадае або абавязаны ў адпаведнасці з актамі заканадаўства адкрыць базавы рахунак, павінен выбраць банк для гэтага. Або зрабіць гэта дыстанцыйна ў інтэрнэце", - расказала Вольга Антановіч.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі