Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
10 красавіка 2019, 16:07

Самазвалы-робаты БелАЗа праходзяць эксплуатацыйныя выпрабаванні ў Хакасіі

10 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Два рабатызаваныя самазвалы БелАЗ-7513R праходзяць выпрабаванні ў Хакасіі (Расія) у кар'еры "Абаканскі", паведамляе БЕЛТА са спасылкай на ААТ "БелАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БелАЗ-холдынг".

130-тонныя самазвалы-робаты былі пастаўлены туды ў пачатку 2019 года. Урачысты ўвод у эксплуатацыю машын плануецца ў жніўні.

Першы дыстанцыйна кіруемы кар'ерны самазвал распрацаваны прадпрыемствам сумесна з АТ "ВІСТ Груп" у 2010 годзе. Галоўная асаблівасць самазвала - аддаленае рабочае месца аператара, якое поўнасцю паўтарае кабіну вадзіцеля. Гэта стала важным этапам на шляху да стварэння рабатызаванага кар'ернага самазвала. У 2018 годзе БелАЗ і "ВІСТ Груп" на заводскім выпрабавальным палігоне завяршылі цыкл работ па адаптацыі аўтаномнага руху рабатызаванага самазвала БелАЗ-7513R.

Рабатызаваны кар'ерны самазвал БелАЗ-7513R можа працаваць у камандным, дыстанцыйным або аўтаномным рэжымах у складзе рабатызаваных горназдабыўных комплексаў.

У планах - максімальна аўтаматызаваць пагрузачныя работы, уключыўшы ў тэхпрацэс здабычы рабатызаваны пагрузчык БелАЗ-78250, які сам зможа адбудаваць 3D-мадэль горнай масы, прызначанай для пагрузкі, вызначыць парадак дзеянняў, суаднесці сваё перамяшчэнне з месцазнаходжаннем самазвала. Функцыі дыстанцыйнага аператара звядуцца да выдачы экспертных указанняў у пачатку работы і дадатковых дзеянняў у асаблівых сітуацыях. Гэта дасць магчымасць абысціся адным аператарам на трох-пяці рабатызаваных машынах.

ААТ "БелАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БелАЗ-Холдынг" (Жодзіна) - буйнейшы сусветны вытворца кар'ерных самазвалаў вялікай і асабліва вялікай грузападымальнасці, а таксама іншага цяжкага транспартнага абсталявання, што прымяняецца ў горназдабыўной і будаўнічай галінах.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі