Сцяг Аўторак, 24 чэрвеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
22 мая 2025, 13:20

Саюзныя стандарты, трансфер вопыту. На чым грунтуецца супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў стандартызацыі?

Фота Дзяржстандарту
Фота Дзяржстандарту
22 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Дзяржстандарту Алена Маргунова ў час Усерасійскай нарады падведамных арганізацый Расстандарту, якая прайшла на палях міжнароднага метралагічнага форуму і выстаўкі "Метралогія без меж" у Маскве, апісала, на чым, на яе думку, грунтуецца беларуска-расійскае супрацоўніцтва ў галіне стандартызацыі і метралогіі. Больш падрабязна БЕЛТА расказалі ў прэс-службе Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі.

Характарызуючы сумесныя праекты Дзяржстандарту і Расстандарту, іх стан і перспектывы, Алена Маргунова звярнула асаблівую ўвагу на той факт, што супрацоўніцтва грунтуецца не толькі на афіцыйных дакументах, якія рэгламентуюць парадак узаемадзеяння, а ў першую чаргу - на агульнасці мэт і стратэгіі развіцця дзвюх краін у гэтых сферах. "Расстандарт для нас бліжэйшы і ключавы партнёр", - падкрэсліла яна.

Пры гэтым трэба прызнаць, што ў апошнія некалькі гадоў узаемадзеянне выйшла на новы ўзровень, у тым ліку і на пляцоўцы Саюзнай дзяржавы. У ліку рэалізуемых праектаў кіраўнік Дзяржстандарту назвала інтэграцыю інфармацыйных фондаў у галіне забеспячэння адзінства вымярэнняў, для фіналізацыі якога ў бягучым годзе будзе падрыхтаваны міжнародны дагавор.

На 2025 год з падключэннем нацыянальных акадэмій навук дзвюх краін запланавана і правядзенне ацэнкі паўнаты і дастатковасці эталоннай базы Саюзнай дзяржавы для навукова-тэхналагічнага развіцця "двойкі". Вынікам стане прыняцце рашэння аб мэтазгоднасці стварэння або ўдасканалення дзяржаўных эталонаў для забеспячэння адзінства вымярэнняў і дакладных вынікаў вымярэнняў найноўшых тэхнічных сродкаў і тэхналогій, распрацаваных у рамках плана мерапрыемстваў па рэалізацыі першага этапу (2025-2030) стратэгіі навукова-тэхналагічнага развіцця Саюзнай дзяржавы да 2035 года.

Было адзначана, што сярод задач на гэты год і падрыхтоўка праграмы па распрацоўцы стандартаў для рэалізацыі навукова-тэхнічных праектаў або праграм у рамках прыярытэтаў навукова-тэхналагічнага развіцця Саюзнай дзяржавы. Размова ідзе аб інавацыйным машынабудаванні, машынабудаўнічым абсталяванні і тэхналогіях, інтэлектуальным прыборабудаванні, лічбавых тэхналогіях, штучным інтэлекце, тэхналогіях у галіне аднаўляльных і неаднаўляльных энергакрыніц. "У гэтых напрамках нам трэба актывізавацца і скаардынаваць работы. Для гэтага ў бліжэйшы час трэба правесці анлайн-кансультацыі профільных спецыялістаў, устанавіць тэрміны і этапы рэалізацыі мерапрыемстваў", - прапанавала Алена Маргунова.

Асобна спікер спынілася на такім актуальным сумесным праекце, як стварэнне адзіных стандартаў Саюзнай дзяржавы. Добрую аснову для яго стварыла ўзаемадзеянне тэхнічных камітэтаў па стандартызацыі Беларусі з тэхнічнымі камітэтамі Расіі. Для надання саюзным стандартам такога статусу Дзяржстандартам падрыхтаваны праект дэкрэта Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, які ў бліжэйшы час будзе накіраваны ў Расстандарт для разгляду.

У цэлым база двухбаковага супрацоўніцтва Дзяржстандарту і Расстандарту налічвае каля трох дзясяткаў дакументаў. Паказальным з'яўляецца тое, што адносіны развіваюцца не толькі на ўзроўні ведамстваў, але і падведамных арганізацый. Пашыраюцца таксама напрамкі ўзаемадзеяння і трансферу перадавога вопыту для развіцця прыгранічнага супрацоўніцтва, правядзення міжлабараторных зверак, лічбавізацыі метралагічных паслуг, навучання.

"Умацаванне супрацоўніцтва ў галіне стандартызацыі і метралогіі паміж Беларуссю і Расіяй адыгрывае ключавую ролю ў развіцці эканамічнай інтэграцыі дзвюх дзяржаў, паляпшэнні ўмоў вядзення бізнесу, павышэнні канкурэнтаздольнасці выпускаемых тавараў на міжнародным рынку", - рэзюмавала Алена Маргунова.

У нарадзе прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства прамысловасці і гандлю Расіі і Расякасці, кіраўнікі Расстандарту (Федэральнага агенцтва па тэхнічным рэгуляванні і метралогіі) і яго падведамных арганізацый.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі