Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
04 лютага 2020, 16:57

Румас расказаў аб падрыхтоўцы праграмы развіцця Беларусі да 2025 года

4 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праект канцэпцыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады разглядаецца сёння на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як паведаміў прэм'ер-міністр Сяргей Румас, на разгляд Прэзідыума прадстаўлены два сцэнарыі - мэтавы і кансерватыўны.

"Кансерватыўны сцэнарый - гэта калі не мяняць прынцыпова структуру эканомікі. Гэта значыць, пры захаванні бягучай эканамічнай палітыкі прадугледжваецца развіццё па інерцыйнай траекторыі. Мэтавы сцэнарый - выйсці да 2025 года на ВУП $100 млрд. І тут павінен быць зразумелы ўсім набор інструментаў, які дае магчымасць забяспечыць структурную перабудову эканамічных адносін у грамадстве, што стымулююць адпаведны рост", - сказаў Сяргей Румас.

Паводле слоў кіраўніка ўрада, неабходна разумець, пры якіх умовах магчымы такі рост, у тым ліку за кошт вырашэння праблем дзяржсектара, павышэння ролі арганізацый прыватнай формы ўласнасці і эфектыўнай занятасці.

Распрацоўшчыкі канцэпцыі прапануюць у якасці прыярытэтаў пяцігадовага развіцця вызначыць дэмаграфію, прадукцыйнасць працы, інвестыцыі ў інавацыі, раскрыццё патэнцыялу самаразвіцця тэрыторый. На думку Сяргея Румаса, такі выбар прыярытэтаў не бясспрэчны. Так, напрыклад, прапануецца ўпершыню адысці ад прыярытэтнасці экспарту як аднаго з асноўных фактараў росту эканомікі.

У вытворчай сферы канцэпцыя грунтуецца на стварэнні сектара навукаёмістых і новых рыначных паслуг з высокай дабаўленай вартасцю. Разам з тым прэм'ер-міністр звярнуў увагу, што ў канцэпцыі праграмы на пяцігодку не ў поўнай меры ўлічаны даручэнні кіраўніка дзяржавы і ўрада аб распрацоўцы комплекснай стратэгіі развіцця паслуг.

"Незразумела, за кошт якіх мер адбудзецца істотнае скарачэнне ўдзелу дзяржаўнага сектара ў фарміраванні эканомікі. Набор мер, што прапануецца канцэпцыяй, відавочна недастатковы", - падкрэсліў Сяргей Румас.

Колькасныя паказчыкі развіцця ў шэрагу сфер не падтрымліваюцца галіновымі ведамствамі. У сувязі з гэтым прэм'ер-міністр даручыў разабрацца, гэта інертнасць падыходаў да развіцця галіны або для гэтага ёсць падставы.

Для падтрымання ўстойлівасці фіскальнай сістэмы Мінэканомікі прапануе распрацаваць бюджэтны сцэнарый з асцярожнай ацэнкай эфекту ад праводзімай палітыкі і хуткасці яе ўплыву на рост эканомікі ў базавых умовах.

Унесці прапановы па асноўных напрамках развіцця Беларусі да 2025 года на разгляд Прэзідэнта даручана да 1 сакавіка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі