Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
14 лютага 2020, 19:32

Румас прапанаваў прадпрыемствам па вытворчасці адзення аб'ядноўвацца ў асацыяцыі

14 лютага, Мінскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прадпрыемствам па вытворчасці адзення варта аб'ядноўвацца ў асацыяцыі, каб яны адстойвалі галіновыя інтарэсы. Такое меркаванне выказаў прэм'ер-міністр Сяргей Румас сёння ў час наведвання ТАА "Марк Фармэль", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Трэба аб'ядноўвацца і ствараць асацыяцыі, каб яны лабіравалі вашы інтарэсы ва ўсіх дзяржорганах. Каб не вы хадзілі і гаварылі, што сістэмна трэба нешта вырашыць, а яны. Пажадана, каб такія аб'яднанні ствараліся не па камандзе зверху, а па вашай ініцыятыве, каб вы самі дайшлі і зразумелі. Так вашы галіновыя інтарэсы не будуць "замыльвацца", іх будуць прадстаўляць і адстойваць. Створыце вы, а мы будзем абавязваць усіх, каб асацыяцыі прымалі, слухалі і давалі ім зваротную сувязь", - сказаў Сяргей Румас.

Прэм'ер наведаў прыватнае прадпрыемства разам са старшынёй Мінаблвыканкама Аляксандрам Турчыным. Дырэктары ТАА Святлана Сіпарава і Андрэй Серыкаў расказалі пра бягучы стан і перспектывы развіцця прадпрыемства, паказалі вытворчыя цэхі, азнаёмілі з абсталяваннем, а таксама з асартыментам выпускаемай прадукцыі.

Паводле слоў Андрэя Серыкава, сёння прадпрыемства налічвае больш за 200 магазінаў у чатырох краінах. Сума прыцягнутых інвестыцый за 10 гадоў перасягнула $25 млн. З 2009 года адкрыта 14 фабрык, створана больш за 3 тыс. працоўных месцаў. У бягучым годзе запусцілі новыя тэхналогіі афарбоўвання адзення з градыентным пераходам з аднаго колеру ў іншы.

У планах - асвойваць новыя матэрыялы і тэхналогіі для стварэння адзення спорту высокіх дасягненняў, фарміраванне ўласнага камерцыйнага IT-прадукту для прагназавання продажаў у розніцы і для кіравання прадпрыемствам, а таксама стварэнне 30 магазінаў у год.

ТАА "Марк Фармэль" было створана ў 2009 годзе ва Уздзенскім раёне, дзе размяшчаецца асноўная вытворчасць па шыцці трыкатажных вырабаў і ніжняй бялізны. Філіял прадпрыемства ў Заслаўі быў створаны ў 2013 годзе на базе мясцовай карданажна-паліграфічнай фабрыкі. Тут вырабляецца імпартазамяшчальная прадукцыя: дзіцячыя, жаночыя і мужчынскія панчошна-шкарпэтачныя вырабы.

Таксама ў час паездкі ў Мінскі раён прэм'ер-міністр наведаў прадпрыемства па вытворчасці шпалераў ТАА "Профістыль". У час візіту Сяргей Румас адзначыў добрыя перспектывы развіцця завода і паабяцаў падтрымку з боку ўрада.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі