Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
06 лістапада 2019, 18:33

Румас: Полацкі раён - прамысловы рэгіён з патэнцыялам далейшага росту

6 лістапада, Полацк /Андрэй Шчарбіцкі - БЕЛТА/. Полацкі раён - прамысловы рэгіён з патэнцыялам далейшага росту. Такое меркаванне выказаў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас у час пасяджэння Полацкага райвыканкама, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Полацк уваходзіць у лік 11 гарадоў з колькасцю насельніцтва звыш 80 тыс. чалавек. Па іх ёсць асобнае даручэнне кіраўніка дзяржавы, якое было агучана ў красавіку, аб тым, што дзяржава павінна першачарговую ўвагу ўдзяляць такім гарадам і надаць дадатковы імпульс іх развіццю. "Ужо ёсць план мерапрыемстваў па развіцці сярэдніх гарадоў, у бліжэйшы час адбудзецца нарада ў Прэзідэнта па развіцці гэтых адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. Тры з іх знаходзяцца ў Віцебскай вобласці - Орша, Полацк і Наваполацк", - сказаў кіраўнік урада.

Рашэннем Віцебскага аблвыканкама быў зацверджаны комплексны план паскоранага развіцця Полацкага раёна на 2019-2020 гады. Ён уключае 18 раздзелаў, якія змяшчаюць 248 мерапрыемстваў. За студзень-верасень бягучага года на частковую іх рэалізацыю патрачана Br120,2 млн. Прэм'ер-міністр нацэліў усіх кіраўнікоў рэгіёна паспяхова выканаць гэту праграму.

"У Полацкім раёне ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя, на жаль, вышэйшы, чым у сярэднім па краіне і вобласці. Разам з тым у рэгіёне ёсць станоўчыя прыклады стварэння новых вытворчасцей і працоўных месцаў. Сярод іх "Полацк-ААТ Шкловалакно", ТАА" КімаБел", СТАА "Наваполацкі завод тэхналагічных металаканструкцый", - сказаў Сяргей Румас.

У час рабочай паездкі з кіраўніцтвам Наваполацкага завода тэхналагічных металаканструкцый ён абмеркаваў сістэмныя меры, якія трэба прыняць для прыцягнення інвестараў, стварэння новых вытворчасцей. "У Полацкім раёне дастаткова неабходных плошчаў. Ён з'яўляецца добрым прамысловым рэгіёнам, у яго ёсць патэнцыял для далейшага росту", - дадаў прэм'ер-міністр.

Сяргей Румас таксама звярнуў увагу кіраўнікоў усіх арганізацый раёна на неабходнасць выйсці па выніках года на сярэднямесячную зарплату не меншую за Br500. Пакуль у рэгіёне сем прадпрыемстваў плацяць ніжэй за гэты паказчык. Таксама кіраўнік урада звярнуў увагу мясцовай улады на неабходнасць пастаянна падтрымліваць дарогі ў добрым стане. Гэта пытанне актуальна для мясцовых жыхароў, яно рэгулярна ўздымаецца ў зваротах грамадзян.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі