Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
10 сакавіка 2020, 17:40

Румас лічыць недастатковай работу прадстаўнікоў дзяржавы ў наглядальных саветах прадпрыемстваў

10 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Сяргей Румас лічыць недастатковай работу прадстаўнікоў дзяржавы ў наглядальных саветах прадпрыемстваў. Аб гэтым кіраўнік урада заявіў сёння на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна, дзе разглядаецца работа прадстаўнікоў дзяржавы ў органах кіравання гаспадарчых таварыстваў, акцыі (долі ў статутных фондах) якіх належаць дзяржаве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Эфектыўнасць дзяржаўнага сектара, калі меркаваць па прадукцыйнасці працы, ніжэйшая, чым на прыватных прадпрыемствах. Прычын некалькі, але адна з асноўных - нізкая якасць кіравання прадпрыемствамі. Гаворачы аб нізкай якасці кіравання, я маю на ўвазе не толькі нанятага кіраўніка прадпрыемства, але і недастаткова эфектыўную сістэму ўладальніцкага нагляду з боку дзяржаўных органаў і слабую пакуль работу прадстаўнікоў дзяржавы ў органах кіравання прадпрыемстваў", - адзначыў Сяргей Румас.

На думку кіраўніка ўрада, з пункту гледжання рэгулявання ўсё ў парадку, неабходная заканадаўчая база створана. Што датычыцца практыкі, то тут не ўсё так гладка.

"Асноўная праблема ў тым, што далёка не ўсе правільна разумеюць асноватворныя прынцыпы карпаратыўнага кіравання. Больш эфектыўнай сістэмы кіравання ўласнасцю, калі размова ідзе аб значных актывах, у свеце ніхто не прыдумаў. Скажонае разуменне месца і ролі наглядальных саветаў у кіраванні прадпрыемствам прыводзіць да сур'ёзных сістэмных памылак і наступстваў, за якія разлічваецца ў асноўным бюджэт", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.

Каб змяніць сітуацыю, былі прыняты рашэнні аб павышэнні ўзроўню прадстаўленасці ў органах кіравання гаспадарчых таварыстваў. Абапіраючыся на вопыт і маючы адпаведную падрыхтоўку, прадстаўнікі дзяржавы ў буйнейшых арганізацыях павінны былі выбудаваць сістэму прыняцця рашэнняў і кантролю, расставіць прыярытэты і падабраць у наглядальныя саветы спецыялістаў з адпаведнымі кампетэнцыямі. Прайшоў фактычна год, і сёння на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна трэба прааналізаваць і прыняць рашэнні па карэкціроўцы дзеянняў.

У сувязі з гэтым Сяргей Румас папрасіў старшыню дзяржаўнага камітэта па маёмасці Андрэя Гаева даць ацэнку праведзенай рабоце перш за ўсё на прадпрыемствах, якія ўваходзяць у топ-100. Асноўныя пытанні - што зроблена па паляпшэнні якасці кіравання прадпрыемствам з боку ўласніка, як выстаўлены прыярытэты ў кіраванні. Ён таксама папрасіў акцэнтаваць увагу на выкананні прадстаўнікамі дзяржавы пастаўленых перад імі персанальных задач.

У прыватнасці, сёння будзе абмяркоўвацца, як выконваецца даручэнне ўрада аб увязцы тэмпаў росту прадукцыйнасці працы і зарплаты. "Мяркуючы па статыстыцы, вынікі вельмі розныя. Палавіна прадпрыемстваў з топ-100 у 2019 годзе з гэтай задачай не справілася", - канстатаваў Сяргей Румас.

Сярод важных пытанняў - скарачэнне затрат. "Па існуючай у мяне інфармацыі, некаторыя таварыствы нават не прадугледзелі гэта пытанне ў парадку дня наглядальных саветаў. Затраты растуць як па дзяржорганах, так і па асобных арганізацыях. Было даручана аптымізаваць крэдытныя партфелі, папрацаваўшы з абслуговымі банкамі. Да вырашэння гэтай задачы, мяркуючы па справаздачах, некаторыя таварыствы таксама падышлі фармальна", - звярнуў увагу прэм'ер-міністр.

"Відавочна, што персанальныя задачы, вызначаныя прадстаўнікам дзяржавы, у поўным аб'ёме не выкананы. У наяўнасці адсутнасць належнай каардынацыі з боку органаў уладальніцкага нагляду і Дзяржкаммаёмасці", - сказаў Сяргей Румас.

Ключавая задача наглядальных саветаў - вызначэнне стратэгіі развіцця таварыства. Для распрацоўкі комплексных стратэгій развіцця ўрад даручаў прыцягнуць патэнцыял Мінэканомікі і Акадэміі навук. "Што маем: у кожным чацвёртым таварыстве з топ-100 у 2019 годзе пытанне вызначэння стратэгіі развіцця на наглядальным савеце не разглядалася. Значыць, дзеючая стратэгія актуальная і не мае патрэбы ў змяненні?" - задаў пытанне прэм'ер-міністр.

Яшчэ адно пытанне - гэта аказанне спонсарскай дапамогі. "Дакаціліся да таго, што прадпрыемствы, якія выпрасілі дзяржаўную падтрымку, аказваюць спонсарскую дапамогу. І нікому да гэтага няма справы. Сёння выправім", - сказаў Сяргей Румас.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі