Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ

Апошнія навіны
Усе навіны

Румас: асноўны паказчык паспяховасці ў АПК - рост зарплаты

Эканоміка 26.04.2019 | 19:59
Сяргей Румас у час наведвання аграэкасядзібы ў ААТ "Бягомльскае"
Сяргей Румас у час наведвання аграэкасядзібы ў ААТ "Бягомльскае"

26 красавіка, Докшыцкі раён /Кар. БЕЛТА/. Падбор кадраў, забеспячэнне дастойнай зарплаты і выбудоўванне тэхналогіі вытворчасці - такія складнікі поспеху і рэнтабельнасці сельгаспрадпрыемства. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас па выніках наведвання двух прадпрыемстваў АПК у Докшыцкім раёне - ААТ "Бягомльскае" і ААТ "Таргуны", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы азнаёміліся з прадпрыемствамі, якія былі перададзены інвестарам. Другі год яны працуюць пад кіраўніцтвам новых уласнікаў, і мы бачым вынік. У ААТ "Таргуны", напрыклад, многія паказчыкі павялічыліся ад 40 працэнтаў да 60 працэнтаў. Асноўны паказчык паспяховасці - гэта рост заработнай платы, як таго патрабуе Прэзідэнт. У сакавіку бягучага года ў параўнанні з сакавіком мінулага зарплата на гэтым прадпрыемстве вырасла больш як на 40 працэнтаў", - адзначыў Сяргей Румас.

Цяпер лічба ўсё роўна сціплая - Br640. Аднак, паводле інфармацыі інвестара, да канца 2020 - пачатку 2021 года сярэдняя зарплата ў ААТ "Таргуны" будзе $500. "Відаць, што інвестар дбае не толькі аб тым, каб гэта была высокарэнтабельная вытворчасць, але і каб людзі, якія працуюць на зямлі, мелі дастойную зарплату. І абавязкова пры гэтым прадукцыйнасць працы будзе расці апераджальнымі тэмпамі", - дадаў Сяргей Румас.

ААТ "Таргуны" (з 2018 года кіруе гаспадаркай УП "Малочная праўда", даччынае прадпрыемства ААТ "Тураўскі малочны камбінат") - прыклад дыктатуры тэхналогіі ў АПК, як гэта называюць улады, або проста правільнага, дзелавога падыходу, як разумеюць гэта самі інвестары.

Дырэктар УП "Малочная праўда" Ігар Чарняўскі расказаў, што ў гаспадарцы алічбаваны ўсе палі, на тэхніцы ўстаноўлена сістэма адсочвання яе работы анлайн. Абнаўленне парку з прыходам кіраўніка кампаніі было глабальным. У цэлым план развіцця прадпрыемства прадугледжвае павелічэнне дойнага статка ў 2 разы (да 5 тыс. галоў), для гэтага цяпер рэканструюецца комплекс "Гліннае" і стартуе будаўніцтва МТК "Вецяра". У 2020 годзе на чарзе будаўніцтва новага малочнатаварнага комплексу на 2,4 тыс. галоў дойнага статка.

"Год кіравання мы, можна сказаць, тушылі пажар. Гэта мая суб'ектыўная ацэнка. Хоць нельга сказаць, што ўзялі слабую гаспадарку", - адзначыў Ігар Чарняўскі. Акцэнт робіцца на якасныя паказчыкі, для гэтага нават заключаны дагавор з прыватнай кампаніяй, якая кансультуе па правільным кармленні жывёлы, тэхналогіі нарыхтоўкі кармоў, у тым ліку дае ацэнку непасрэдна рабоце на аб'ектах, палях гаспадаркі.

У цэлым інвестар ацэньвае патэнцыял гаспадаркі як вельмі вялікі, ёсць добрыя кадры, якім за дастойную работу гатовы павышаць зарплату.

"Інвестары з самага пачатку пачынаюць выбудоўваць тэхналогію правільна. Збой на любым этапе прывядзе да таго, што вынік не будзе дасягнуты. Мы бачым, што ў планах на 2020 год зрабіць ААТ у частцы вытворчасці раслінаводчай прадукцыі і малака высокарэнтабельным", - рэзюмаваў Сяргей Румас.

ААТ "Бягомльскае" таксама ўваходзіць у склад сыравіннай зоны ААТ "Тураўскі малочны камбінат". З лістапада 2017 года 100 працэнтаў акцый прыналежыць ААТ "Віцебскдрэў". Жывёлагадоўчая база гаспадаркі ўключае два МТК агульнай колькасцю 1362 галавы, у тым ліку 720 кароў. Цяпер тут рэалізуецца яшчэ вялікі праект мадэрнізацыі МТК "Дабрунь". Для яго абслугоўвання спатрэбяцца высокакваліфікаваныя спецыялісты, якім неабходна жыллё. Прагучалі дзве прапановы: выдзяляць у запланаваным да ўзвядзення ў шматкватэрным доме для маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў 4 кватэры або будаваць домікі.

"Пачынаць трэба з кадраў, без гэтага нельга, - адзначыў прэм'ер-міністр. - Якраз будаўніцтва аб'ектаў не самае галоўнае пытанне. На жаль, у палавіне пабудаваных новых комплексаў мы не можам дабіцца сярэдняга ўзроўню вытворчасці малака па рэспубліцы. Гэта глеба для роздуму для ўсіх, хто адказвае за сельскагаспадарчую галіну".

Згодны з гэтым і старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў: важна не дапусціць, каб не было такога, што на сучасным абсталяванні не будзе каму працаваць.

Акрамя таго, у населеным пункце Маргавіца ААТ "Бягомльскае" з 2017 года рэалізуе праект развіцця аграэкатурызму на базе фермы. У гэтай прыроднай зоне паблізу запаведніка прадугледжваецца сумяшчаць вытворчасць экалагічна чыстай прадукцыі з прадастаўленнем паслуг базы адпачынку. Шмат ужо зроблена: добраўпарадкаваны памяшканні для гадоўлі курэй, гусей, індакачак, авечак, коней, узведзена яшчэ частка пабудоў. Аднак бізнес-план развіцця "Бягомльскае" быў дапрацаваны, тэрміны рэалізацыі і акупнасці зрушыліся. З'явілася неабходнасць у прыбудове кароўніка на 250 галоў, склада на захоўванне збожжа. "Дакументацыя, экспертыза - усё ёсць. Трэба толькі рашэнне: робім ці нет. І хутка. Тады мы гатовы работу выконваць", - абазначыў сутнасць затрымкі старшыня Докшыцкага райвыканкама Алег Пінчук.

"Першы этап, тое, што ўзгоднена, трэба ўжо рабіць. Будаваць кароўнік на 250 галоў і склад для захоўвання збожжа, возера выкопваць, сянажныя вежы рабіць. Астатняе - у планавым парадку дапрацоўваць", - абазначыў парадак дзеянняў па аб'екце Маргавіцэ прэм'ер-міністр.

Сяргей Румас робіць рабочую паездку ў Віцебскую вобласць 26-27 красавіка. Ён азнаёміўся з вытворча-фінансавым станам і перспектывамі развіцця ААТ "Бягомльскае", малочнатаварнага комплексу "Вецяра" ААТ "Таргуны", ходам правядзення веснавых палявых работ, усклаў кветкі на мемарыяльным комплексе "Шунеўка". Далей прэм'ер-міністр наведае ААТ "Полацк-Шкловалакно", дзе разгледзіць бягучы стан і перспектывы развіцця прадпрыемства. Намечана і азнаямленне з добраўпарадкаваннем Полацка. На 27 красавіка запланавана наведванне ААТ "Нафтан", разгляд рэзультатаў фінансава-гаспадарчай дзейнасці, стану рынкаў нафтапрадуктаў і выканання інвестыцыйных праектаў прадпрыемства.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Эканоміка
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск
Салігорск

Інфаграфіка

У Беларусі выбраны правамоцны парламент Цэнтрвыбаркам падвёў папярэднія вынікі выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі сёмага склікання.