Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
12 чэрвеня 2019, 19:55

Рост зарплат бюджэтнікаў і зніжэнне дзяржпадтрымкі прадпрыемстваў - Мінфін аб трэндах бюджэту на 2020 год

12 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рост зарплат у бюджэтным сектары будзе асноўнай задачай бюджэтнай палітыкі на 2020 год, трэнд на зніжэнне аб'ёмаў дзяржпадтрымкі прадпрыемстваў захаваецца. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА міністр фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч, каменціруючы работу над праектам рэспубліканскага бюджэту на наступны год.

"Асноўная задача ў галіне бюджэтнай палітыкі на 2020 год, якую мы вызначылі яшчэ ў мінулым годзе, - гэта паступальны рост заработнай платы ў бюджэтным сектары. Таму мы зрабілі даволі вялікі крок у бягучым годзе па павышэнні зарплат бюджэтнікам і будзем рухацца такім чынам у далейшым, каб забяспечыць падтрыманне ўзроўню зарплат у бюджэтным сектары не ніжэй за 80 працэнтаў ад сярэдняй зарплаты", - адзначыў Максім Ермаловіч.

Што датычыцца пенсій, то сярэдні памер павінен быць не ніжэйшы за 40 працэнтаў ад сярэдняй зарплаты па краіне. "Гэтыя два напрамкі, звязаныя з павышэннем дабрабыту грамадзян, будуць асноўнымі ў рамках бюджэтнай палітыкі", - звярнуў увагу міністр.

Традыцыйна будзе забяспечвацца дастатковым фінансаваннем рэалізацыя жыллёвай палітыкі.

"Мы будзем спрабаваць павялічыць аб'ёмы капіталаўкладанняў, інакш кажучы пачынаць аднаўляць аб'ём бюджэтных інвестыцый. Але зрабіць гэта даволі складана, таму што аб'ём даходаў не будзе расці хуткімі тэмпамі. Тут на тэмпы прыросту падатковых даходаў уплывае і падатковы манеўр у Расійскай Федэрацыі, а таксама мараторый на павелічэнне ставак падаткаў", - сказаў Максім Ермаловіч.

Паводле ацэнкі Мінфіна, будзе зніжацца патрэбнасць у аказанні дзяржаўнай падтрымкі прадпрыемствам. "Гэта натуральны працэс- павышаецца эфектыўнасць дзяржпрадпрыемстваў, зніжаецца іх патрэбнасць у нейкіх уліваннях з боку бюджэту. Застаецца разабрацца толькі з невялікай колькасцю прадпрыемстваў, выбудаваць схемы іх падтрымкі. Але як глабальны трэнд у доўгатэрміновай перспектыве дзяржпадтрымка зніжаецца", - растлумачыў міністр. За кошт змяншэння дзяржпадтрымкі будуць нарошчваць аб'ём бюджэтных інвестыцый.

"Гэта асноўныя патрабаванні бюджэтнай палітыкі на сярэднетэрміновую перспектыву, нейкіх глабальных змяненняў у структуры бюджэту мы не чакаем", - рэзюмаваў Максім Ермаловіч.

Як паведамлялася, згодна з распараджэннем прэм'ер-міністра нумар 73р, Міністэрству фінансаў разам з рэспубліканскімі дзяржорганамі, аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам, Нацбанкам, НАН даручана распрацаваць праект рэспубліканскага бюджэту на 2020 год і да 1 жніўня 2019-га ўнесці яго ў Саўмін.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі