Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
10 чэрвеня 2021, 18:15

РЭПАРТАЖ з Беларускай АЭС: як працуе станцыя пасля прыёмкі першага энергаблока

Рашэнне наконт будаўніцтва БелАЭС было прынята ў 2008 годзе. З таго часу пройдзены доўгі шлях. Сёння адбылася значная падзея: падпісаны акт прыёмкі ў эксплуатацыю першага энергаблока. Журналісты БЕЛТА пабывалі на пляцоўцы БелАЭС і паназіралі за работай станцыі на новым этапе.

Станцыю відаць на адлегласці 30 км - за кошт градзірань. Вышыня кожнай 167 м, што параўнальна з 50-павярховым домам.

Вежавыя выпарныя градзірні - самыя высокія збудаванні з бетону ў Беларусі. Некаторыя думаюць, што над імі падымаецца дым, але на самай справе гэта пара. Градзірні прызначаны для ахаладжэння вялікай колькасці вады з дапамогай накіраванага патоку паветра.

На пляцоўцы БелАЭС асаблівую ўвагу прыцягваюць і пырскальныя басейны. Яны таксама з'яўляюцца часткай сістэмы ахаладжэння.

Першы энергаблок БелАЭС - гэта больш за 5 тыс. адзінак рознага абсталявання і вузлоў. А яшчэ вялікая колькасць тэхналагічных сістэм. Усё гэта працуе як адзіны арганізм.

Шумам і гарачым паветрам нас сустрэла машынная зала першага энергаблока. "Гэта эпіцэнтр выпрацоўкі электраэнергіі. Сэрцам яго з'яўляецца турбаагрэгат. На гэты момант першы энергаблок знаходзіцца на 100-працэнтнай магутнасці. Адпускаемая ў сетку магутнасць - гэта арыенціровачна пятая-шостая частка ад бягучага спажывання краіны. Усё працуе ў штатным рэжыме, абсталяванне пацвердзіла закладзеныя праектам характарыстыкі", - сказаў начальнік турбіннага цэха Дзмітрый Крывін.

Нам удалося пабываць і на цэнтральным пульце кіравання. "Тут выконваецца кантроль параметраў і кіраванне абсталяваннем камплектнага размеркавальнага ўстройства (КРУЭ 330 кВ), схемай выдачы магутнасці з энергаблокаў, а таксама сувязь з энергасістэмай Беларусі", - адзначыў дзяжурны начальнік змены Анатоль Станілевіч.

Асаблівая ўвага на станцыі ўдзяляецца пытанням бяспекі. Будынак рэактара ўкрыты двайной ахоўнай абалонкай. Ён не пацерпіць у выпадку землетрасення 7 балаў, урагану, паводкі, смерчу, выбуху і нават падзення самалёта.

У якасці паліва ў актыўнай зоне рэактара выкарыстоўваецца слабаабагачаны дыяксід урану ў выглядзе таблетак дыяметрам 9-12 мм, якія знаходзяцца ў герметычных закрытых трубках. Вага кожнай таблеткі ўсяго 5 г, але яна замяшчае 350 кг нафты, 360 куб.м газу, 400 кг вугалю.

Поўным ходам ідуць работы на другім энергаблоку. Яго фізічны пуск запланаваны на восень, а прыёмка ў эксплуатацыю чакаецца ў наступным годзе.

З моманту ўключэння першага энергаблока БелАЭС у аб'яднаную энергасістэму краіны выпрацавана амаль 3 млрд кВт.гадз. Пасля поўнага ўводу станцыя зможа вырабляць каля 18,5 млрд кВт.гадз за год, што забяспечыць прыкладна 40 працэнтаў патрэбнасці Беларусі ў электраэнергіі.

Фота Ягора ПАЎЛЮШЧЫКА,

БЕЛТА.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі