Сцяг Серада, 22 студзеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
22 студзеня 2025, 15:48

Рэкордная лічба: экспарт НАН Беларусі ў 2024 годзе перасягнуў $80 млн

Фота з архіва
Фота з архіва
22 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Экспарт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў 2024 годзе перасягнуў $80 млн. Аб гэтым заявіў на прэс-канферэнцыі галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі Васіль Гурскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Каб забяспечыць камерцыялізацыю вынікаў навукова-тэхнічнай дзейнасці ў Акадэміі навук, створана і функцыянуе 12 прамысловых і 4 сельскагаспадарчыя вытворчасці. Больш за 100 вытворчых участкаў, лабараторый і іншых структурных падраздзяленняў ажыццяўляюць выпуск прадукцыі як для айчыннага рынку, так і на экспарт. Дарэчы, у 2024 годзе быў дасягнуты рэкорд: экспарт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі перасягнуў $80 млн", - сказаў Васіль Гурскі.

Ён падкрэсліў, што сёння навукова-тэхналагічныя магчымасці становяцца не менш значным фактарам развіцця дзяржавы, чым даступнасць сыравіны і наяўнасць фінансавых рэсурсаў. "Таму ў нашай краіне дынамічнаму развіццю навукі ўдзяляецца самая пільная ўвага. У Беларусі створаны сістэмныя ўмовы для развіцця навукі і інавацыйнай дзейнасці. Праводзіцца адзіная дзяржаўная палітыка. Сфарміравана цэласная навуковая сістэма, што ўключае акадэмічную, вузаўскую і галіновую навуку, якія функцыянуюць у цесным узаемадзеянні. Дзякуючы комплекснай падтрымцы з боку кіраўніцтва нашай краіны нам удалося захаваць і актыўна развіваць дзеяздольны навуковы патэнцыял і важнейшыя навуковыя школы", - адзначыў галоўны вучоны сакратар.

Ён зрабіў акцэнт на тым, што ў апошнія гады навука ў Беларусі істотна трансфармавалася і стала сапраўды практыка-арыентаванай, нацэленай на вырашэнне значных сацыяльна-эканамічных задач краіны. "Нацыянальная акадэмія навук Беларусі - унікальны прыклад буйнога даследчага цэнтра сусветнага ўзроўню. У Акадэміі навук даследчы і вытворчы складнікі інтэграваны ў адзіную комплексную структуру накшталт навукова-вытворчай карпарацыі. Вынік дасягаецца праз фарміраванне скразнога інавацыйнага ланцужка ад ідэі да канечнай прадукцыі, у тым ліку праз стварэнне ўласных вытворчых участкаў - ад лабараторый да поўнамаштабных вытворчасцей", - абазначыў Васіль Гурскі.

У НАН функцыянуе 31 галіновая лабараторыя. У тым ліку галіновая лабараторыя оптаэлектронных і валаконна-аптычных тэхналогій для стварэння дыягнастычных і вымяральных сістэм у ДНВА "Оптыка, оптаэлектроніка і лазерная тэхніка". "Усім вядомы нашы лазеры, якія актыўна выкарыстоўваюцца не толькі ў эканоміцы нашай краіны, але і пастаўляюцца на экспарт", - дадаў Васіль Гурскі. Яшчэ адзін прыклад - галіновая лабараторыя праектавання і распрацоўкі фоташаблонаў для забеспячэння вытворчасці вырабаў мікра-, опта- і ЗВЧ-электронікі, якая функцыянуе ў Мінскім НДІ радыёматэрыялаў.

У Акадэміі навук функцыянуюць таксама даволі буйныя вытворчасці. Напрыклад, "Акадэмфарм", які вырабляе цэлую лінейку айчынных фармпрэпаратаў, а таксама НПЦ "ХімФармСінтэз" у Інстытуце біяарганічнай хіміі, дзе арганізавана вытворчасць проціпухлінных прэпаратаў сусветнага ўзроўню. ААТ "НВА Цэнтр" вырабляе цэнтрабежную тэхніку і абсталяванне для перапрацоўкі мінеральнай сыравіны. Талачынскі кансервавы завод, Інстытут мясамалочнай прамысловасці актыўна працуюць у сферы вытворчасці прадуктаў харчавання.

Сёння НАН Беларусі - буйны міжнародны навуковы цэнтр, які ўзаемадзейнічае з партнёрамі амаль са 100 краін. Дзейнічаюць міжнародныя даследчыя цэнтры і сумесныя лабараторыі з арганізацыямі Расіі, Кітая, В'етнама, Японіі, Італіі, Турцыі і іншых краін. НАН карыстаецца заслужаным аўтарытэтам сярод акадэмій навук іншых краін і з'яўляецца базавай акадэміяй навук Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі