Сцяг Аўторак, 21 ліпеня 2026
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
08 ліпеня 2026, 11:09

Рэгіянальнае ўзаемадзеянне ўмацоўвае стратэгічнае партнёрства Беларусі і Узбекістана - Шулейка 

Юрый Шулейка. Фота Віцебскага аблвыканкама
Юрый Шулейка. Фота Віцебскага аблвыканкама
8 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэгіянальнае ўзаемадзеянне ўносіць значны ўклад ва ўмацаванне стратэгічнага партнёрства дзвюх краін. Аб гэтым заявіў на пленарным пасяджэнні ІІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана ў Мінску намеснік прэм'ер-міністра Юрый Шулейка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы высока цэнім дасягнуты ўзровень беларуска-ўзбекскага супрацоўніцтва, які з'яўляецца дастойным прыкладам узаемнай павагі, дружбы, даверу і падтрымкі. Узбекістан для нас надзейны сябар і правераны часам партнёр. У аснове дасягнутага ўзроўню ўзаемадзеяння - традыцыйна даверны, змястоўны дыялог на вышэйшым узроўні", - адзначыў Юрый Шулейка.

Ён падкрэсліў, што курс, зададзены лідарамі дзяржаў, вызначае доўгатэрміновыя арыенціры ўзаемнага супрацоўніцтва. Актыўна ажыццяўляецца міжурадавае, міжведамаснае ўзаемадзеянне, супрацоўніцтва на ўзроўні суб'ектаў гаспадарання.

"За мінулыя 10 гадоў аб'ём узаемнага гандлю таварамі вырас больш як у 13 разоў з $64 млн да $854 млн у 2025 годзе, за пяць месяцаў - практычна на 40 працэнтаў. Упэўнены, у гэтым годзе мы пераадолеем гістарычную планку тавараабароту, якая перавысіць $1 млрд", - падкрэсліў Юрый Шулейка.

Паводле яго слоў, дасягнуты аб'ём узаемнага гандлю дае магчымасць ставіць больш амбіцыйныя мэты. Беларусь бачыць істотныя рэзервы як у павелічэнні паставак традыцыйнай наменклатуры тавараў, так і ў выхадзе на новыя таварныя пазіцыі. "Прэзідэнтамі Беларусі і Узбекістана пастаўлена цалкам дасягальная задача - выйсці на $2 млрд узаемнага тавараабароту на працягу некалькіх гадоў. Разам з тым мы разумеем, што работа ўрадаў і органаў дзяржаўнай улады - толькі частка нашых магчымасцей. З кожным годам усё больш значны ўклад у скарбонку адносін уносяць менавіта рэгіёны" - падкрэсліў Юрый Шулейка.

На гэты час дзейнічаюць ужо 30 міжрэгіянальных пагадненняў. Да гэтага пакета дабавіліся яшчэ 12 дакументаў, якія падпісаны ў рамках форуму.

"Міжрэгіянальныя форумы Беларусі і Узбекістана пераканаўча даказалі сваю эфектыўнасць. Папярэднія саміты - яркае сведчанне таго, як на мясцовым узроўні эфектыўна рэалізуюцца нашы агульныя планы ў прамысловай, аграрнай, сацыяльнай і многіх іншых сферах. Сёння тут прысутнічаюць кіраўнікі беларускіх рэгіёнаў, узбекскіх хакіміятаў, прадстаўнікі ключавых дзяржаўных органаў і бізнес-супольнасці дзвюх краін - усе тыя, хто непасрэдна ўключаны ў развіццё двухбаковага супрацоўніцтва", - сказаў Юрый Шулейка. 

Ён выказаў шчырую ўдзячнасць усім прысутным за ўклад у далейшае ўмацаванне беларуска-ўзбекскага стратэгічнага партнёрства, па-сапраўднаму дружалюбных сувязей, якія звязваюць беларусаў і ўзбекаў.

"Цяперашні форум прызначаны трансфармаваць дасягнуты высокі ўзровень палітычнага даверу ў канкрэтныя эканамічна выгадныя праекты. Гэта добрая магчымасць не толькі ўстанавіць прамыя кантакты, але і ў канструктыўным рэчышчы знайсці ўзаемапрымальныя рашэнні па актуальных пытаннях, намеціць перспектывы. Галоўнае - не стаяць на месцы, не шукаць лёгкіх шляхоў, а выступаць з новымі своечасовымі ініцыятывамі", - адзначыў Юрый Шулейка.

Асноўныя арыенціры - узаемавыгадная кааперацыя, нацэленасць на канкрэтны рэзультат і максімальная накіраванасць у будучыню. Урады зацікаўлены ў рэалізацыі эфектыўных праектаў, здольных даць эканоміцы дабаўленую вартасць, экспарт і новыя рабочыя месцы.

"Такое ўзаемадзеянне дасць магчымасць у канчатковым выніку вырашыць ключавую задачу любой дзяржавы - павысіць узровень жыцця людзей. Разлічваю, што III Форум рэгіёнаў стане для кожнага ўдзельніка генератарам ідэй, кропкай адліку для заключэння перспектыўных кантрактаў. Кожная дамоўленасць, дасягнутая гэтымі днямі ў Мінску і рэгіёнах, павінна быць рэалізавана", - адзначыў Юрый Шулейка.

Арганізатарамі форуму выступаюць Нацыянальны цэнтр падтрымкі экспарту Рэспублікі Беларусь і Міністэрства інвестыцый, прамысловасці і гандлю Рэспублікі Узбекістан.-0-
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі