15 чэрвеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным кантролі Расіі (Рассельгаснагляд) зняла абмежаванні на пастаўку прадукцыі яшчэ чатырох беларускіх прадпрыемстваў. Аб гэтым гаворыцца ў інфармацыі, размешчанай 14 чэрвеня на сайце ведамства, паведамляе БЕЛТА.
Улічваючы вынікі аналізу матэрыялаў, прадстаўленых Дэпартаментам ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі, а таксама вынікі праведзенай у красавіку-маі спецыялістамі Рассельгаснагляду інспекцыі прадпрыемстваў, адменены абмежаванні на пастаўку ў Расію прадукцыі (акрамя сухога малака, сухой малочнай сыроваткі, сыру, масла) ААТ "Лепельскі малочна-кансервавы камбінат", ААТ "Рагачоўскі малочна-кансервавы камбінат" і ААТ "Слуцкі сыраробны камбінат" Салігорскі філіял.
Грунтуючыся на аналізе матэрыялаў, прадстаўленых Дэпартаментам ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча Беларусі, часовыя абмежаванні на пастаўку прадукцыі адменены таксама адносна ТАА "Вахавяк Плюс".
Як раней паведамлялася БЕЛТА, з 14 чэрвеня былі таксама адменены часовыя абмежаванні на пастаўкі ў Расію сыру з СТАА "Белсыр", сухога малака, сухой малочнай сыроваткі, сыру, масла з ААТ "Шчучынскі масласырзавод".-0-