Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
30 лістапада 2018, 14:47

Расійска-беларускі фонд венчурных інвестыцый плануе прафінансаваць тры новыя праекты

30 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Расійска-беларускі фонд венчурных інвестыцый плануе прафінансаваць тры новыя праекты, паведаміў сёння журналістам старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі Аляксандр Шумілін перад пасяджэннем Камісіі па фарміраванні адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы Саюзнай дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У мінулым годзе мы адобрылі першую здзелку па фінансаванні венчурнага праекта. Сёння каля 30 праектаў знаходзяцца на розных стадыях разгляду. Па трох праектах плануецца прыняць рашэнне па фінансаванні да канца года. Гэтымі днямі павінна адбыцца пасяджэнне Інвестыцыйнага камітэта фонду ў Маскве", - сказаў Аляксандр Шумілін.

Ён адзначыў, што механізм венчурнага фінансавання - новы для Беларусі. "Вельмі важна, каб першыя праекты былі паспяховымі. Гэта пакажа эфектыўнасць работы схемы, будзе стымуляваць уключэнне новых, сапраўды прарыўных і важных праектаў у пералік для рэалізацыі пры падтрымцы гэтага фонду", - падкрэсліў старшыня ДКНТ.

Расійская венчурная кампанія (РВК), Інфрафонд РВК і Беларускі інавацыйны фонд у снежні 2016 года аб'явілі аб стварэнні сумеснага венчурнага фонду "Расійска-беларускі фонд венчурных інвестыцый". Мэтавы памер фонду - 1,4 млрд расійскіх рублёў з магчымасцю далейшага павелічэння па рашэнні інвестараў. У мінулым годзе была адобрана першая здзелка па фінансаванні венчурнага праекта. Гэта праект па вытворчасці трэнажораў для рэабілітацыі пасля інсульту і іншых захворванняў, ён знаходзіцца на стыку медыцынскага прыборабудавання і інфармацыйных тэхналогій.

Рашэнне аб стварэнні Камісіі па фарміраванні адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы Саюзнай дзяржавы было адобрана пастановай Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы ад 16 чэрвеня 2017 года нумар 19. Першае пасяджэнне адбылося 15 лістапада 2017 года ў Мінску. Яе асноўныя задачы - каардынацыя правядзення навуковых даследаванняў і распрацовак у Саюзнай дзяржаве, вызначэнне форм і ўмоў сумеснай дзейнасці інавацыйных структур, удасканаленне дагаворна-прававой базы, фарміраванне адзінай сістэмы інфармацыйнага забеспячэння сектара даследаванняў і распрацовак.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі