
31 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Супрацоўніцтва ў прамысловай сферы з Зімбабвэ мае вялікі патэнцыял. Упэўненасць у гэтым выказаў міністр прамысловасці Беларусі Аляксандр Рагожнік, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Мінпрама.
Сёння ў сталіцы Зімбабвэ Харарэ з ім правяла перагаворы міністр прамысловасці і гандлю Зімбабвэ Секай Нзенза. "Упэўнены, што дзякуючы сумесным намаганням мы зможам увасобіць вялікую колькасць узаемавыгадных праектаў, цікавых для абедзвюх краін", - падкрэсліў Аляксандр Рагожнік.
Са свайго боку міністр прамысловасці і гандлю Зімбабвэ Секай Нзенза пацвердзіла зацікаўленасць зімбабвійскага боку ў прадаўжэнні ўдзелу Беларусі ў праграме па мадэрнізацыі і механізацыі сельскай гаспадаркі, а таксама адзначыла высокую якасць беларускай тэхнікі.
У ходзе другога дня дзяржаўнага візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі падпісаны шэраг дакументаў у прамысловай сферы.
Заключаны кантракты на пастаўку беларускай трактарнай і збожжаўборачнай тэхнікі, а таксама на пастаўку абсталявання беларускай вытворчасці для будаўніцтва і мадэрнізацыі комплесаў захоўвання збожжа ў Зімбабвэ.
Падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні аб супрацоўніцтве ў рамках паставак у Рэспубліку Зімбабвэ машын і абсталявання беларускай вытворчасці для лясной прамысловасці.
Як паведамлялася, напярэдадні ў Харарэ прайшоў двухбаковы бізнес-форум, на якім таксама быў заключаны шэраг дамоўленасцей у прамысловай сферы.-0-