Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
04 снежня 2018, 15:01

Рабочая група пры Савеце Рэспублікі зняла 20 заўваг па праекце новай рэдакцыі Падатковага кодэкса

4 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Па артыкулах новай рэдакцыі Падатковага кодэкса паступіла 34 заўвагі, з іх 20 уваходзяць у кампетэнцыю рабочай групы, якую ўзначальвае старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч. Сёння на пасяджэнні рабочай групы былі разгледжаны астатнія восем заўваг па Агульнай частцы ПК, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Савета Рэспублікі.

Рабочая група прыйшла да ўзгодненай пазіцыі па кожным з васьмі пунктаў, адзначылі ў прэс-службе. "У прыватнасці, падтрымана пазіцыя Адміністрацыі Прэзідэнта па ўмовах прыпынення аперацый па рахунках суб'ектаў гаспадарання па выніках праверак падатковых органаў, па мэтазгоднасці класіфікацыі падатковых ільгот, па пытаннях заключэння падатковымі органамі міравога пагаднення", - расказалі ў верхняй палаце парламента.

Акрамя таго, бакі знайшлі ўзаемапрымальнае рашэнне па ўмовах размяшчэння на афіцыйным сайце МПЗ пераліку арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, маючых запазычанасць па падатках, зборах, пенях. Падтрымана пазіцыя Савета Міністраў па перыядычнасці ўнясення змяненняў у Падатковы кодэкс (не часцей, чым раз у год), умовах вяртання дэбіторскай запазычанасці, абавязковым страхаванні службовых асоб і іншых пытаннях.

У пасяджэнні прынялі ўдзел намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Валерый Міцкевіч, першы намеснік прэм'ер-міністра Аляксандр Турчын, прадстаўнікі МПЗ, Мінфіна, КДК, Вярхоўнага суда, парламентарыі, а таксама кіраўнікі бізнес-саюзаў.

Змяненнямі і дапаўненнямі ў Падатковы кодэкс займаюцца тры рабочыя групы: міжведамасная пры Міністэрстве фінансаў, пастаянна дзеючая пры Савеце Міністраў, а таксама створаная пры Савеце Рэспублікі. Апошняя прызначана яшчэ раз прааналізаваць падрыхтаваную рэдакцыю кодэкса, абмеркаваць спрэчныя моманты і выпрацаваць па іх адзінае меркаванне.

Як паведамлялася, дапрацаваны рабочымі групамі праект новай рэдакцыі Падатковага кодэкса плануецца накіраваць на разгляд у Палату прадстаўнікоў да 7 снежня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі