Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
12 кастрычніка 2018, 15:09

Пуцін: Беларусі і Расіі пад сілу вывесці двухбаковы гандаль на ўзровень $50 млрд

12 кастрычніка, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Беларусі і Расіі пад сілу вывесці двухбаковы гандаль на ўзровень $50 млрд. Аб гэтым Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў сёння на V Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Расійскі лідар падкрэсліў, што Беларусь займае першае месца па аб'ёме тавараабароту ў гандлі Расіі з краінамі СНД, а прыкладна палавіна ўсёй беларускай экспартнай прадукцыі пастаўляецца на расійскі рынак. "У мінулым годзе тавараабарот павялічыўся амаль на чвэрць і дасягнуў $32,4 млрд. У студзені - жніўні бягучага года прыбавіў яшчэ 14,5 працэнта. Нам цалкам пад сілу вывесці ўзаемны гандаль на ўзровень $50 млрд", - сказаў Уладзімір Пуцін.

Для ілюстрацыі маштабаў беларуска-расійскага супрацоўніцтва Прэзідэнт Расіі нагадаў, што аб'ём гандлю Расіі і Індыі, насельніцтва якой больш за 1 млрд чалавек, складае каля $10 млрд. "Гэта сведчыць аб узроўні нашай кааперацыі. Вялікую ўвагу ўдзяляем умацаванню інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Аб'ём расійскіх капіталаўкладанняў у Беларусі перавысіў $4 млрд", - падкрэсліў расійскі лідар.

Ён таксама адзначыў, што ў Беларусі працуюць амаль 2,5 тыс. прадпрыемстваў з расійскім удзелам, буйнейшым сумесным праектам з'яўляецца будаўніцтва Беларускай АЭС. "Першы энергаблок у адпаведнасці з графікам будзе запушчаны ў канцы 2019 года. А ўся станцыя будзе ўведзена ў эксплуатацыю ў 2020 годзе", - дадаў Уладзімір Пуцін.

Паводле яго слоў, будаўніцтва БелАЭС палепшыць сітуацыю з энергазабеспячэннем, эканомікай, створыць дадатковыя экспартныя магчымасці. Прадугледжана ўзвядзенне і іншага важнага аб'екта - цэнтра ядзернай навукі і тэхналогій. "Мы не проста будуем вельмі важны прамысловы аб'ект, а ствараем у Беларусі новую галіну. Вядома, Беларусь і ў Савецкім Саюзе славілася вучонымі, высокім узроўнем адукацыі, але такой асобнай галіны не было. Будзе", - сказаў Прэзідэнт Расіі.

Уладзімір Пуцін таксама адзначыў, што некалькі дзясяткаў галіновых праграм ажыццяўляюцца ў рамках Саюзнай дзяржавы, асаблівы ўпор робіцца на стварэнне перадавой навукаёмістай прадукцыі, стымуляванне бізнесу дзвюх краін да больш энергічнага ўкаранення інавацый у рэальны сектар эканомікі.

Акрамя таго, Беларусь і Расія разам працуюць над пашырэннем інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы. "Вядома, у нас шмат спрэчак па гэтых пытаннях, шмат інтарэсаў, якія перасякаюцца (часам і не супадаюць), але мы маем цвёрды намер ісці па гэтым шляху, рухаемся наперад да агульнай мэты", - заявіў Уладзімір Пуцін.

Перад Расіяй і Беларуссю цяпер стаяць падобныя праблемы і выклікі. У іх ліку - забеспячэнне доўгатэрміновага ўстойлівага росту, павышэнне канкурэнтаздольнасці на знешніх рынках. Сярод прыярытэтных галін, у якіх бакі разлічваюць на максімальны эканамічны эфект, Прэзідэнт Расіі згадаў імпартазамяшчэнне, прамысловую кааперацыю, сельскую гаспадарку, будаўніцтва, фармацэўтыку, дзяржзакупкі. Вядзецца таксама работа па збліжэнні нацыянальных заканадаўстваў і фарміраванні агульнага прававога поля.

Што датычыцца міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, Уладзімір Пуцін адзначыў, што практычна ўсе суб'екты Расійскай Федэрацыі падтрымліваюць прамыя сувязі з беларускімі рэгіёнамі. Па выніках цяперашняга форуму падпісана некалькі дзясяткаў новых пагадненняў і камерцыйных кантрактаў. "Важна, што ў парадку дня форуму асаблівая ўвага ўдзелена пытанням лічбавай эканомікі", - падкрэсліў расійскі лідар.

Ён лічыць важным заахвочваць абмены і сумесныя праекты ў сферах адукацыі і навукі, разглядаць пытанні ў сферы маладзёжнай палітыкі. "Трэба падтрымліваць грамадзянскую актыўнасць маладога пакалення і яго ўключанасць у сацыяльныя і гуманітарныя праграмы", - сказаў Прэзідэнт Расіі.

Уладзімір Пуцін у сваім выступленні згадаў і аб агульнай задачы па захаванні гістарычнай памяці, у прыватнасці аб Перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі