Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
12 верасня 2018, 18:29

Прыватны бізнес адыгрывае значную ролю ў развіцці мэблевай галіны ў Беларусі - Ляшэнка

12 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прыватны бізнес адыгрывае значную ролю ў развіцці мэблевай галіны ў Беларусі. Аб гэтым заявіў сёння журналістам намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Ігар Ляшэнка ў час 25-й міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі-кірмашу "Мэбля-2018", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Важнасць мэблевай галіны нельга пераацаніць, паколькі гэта адна з нямногіх галін, дзе выкарыстоўваецца вялікі працэнт айчыннай сыравіны. Кіраўнік дзяржавы абсалютна правільна паставіў задачу выкарыстоўваць уласныя рэсурсы для вытворчасці прадукцыі з максімальнай дабаўленай вартасцю. У гэтай сферы гэта рэалізавана, - сказаў Ігар Ляшэнка. - У мэблевай галіне прыватны бізнес займае значную ўдзельную вагу - дзве трэці. Прыемна, што ёсць актыўнасць бізнесу. А наша справа як урада стварыць макраэканамічныя ўмовы для развіцця галіны".

Віцэ-прэм'ер адзначыў значнасць навукі для галіны. "БДТУ працуе над хімічнымі прэпаратамі для апрацоўкі мэблі. У далейшым я буду рэкамендаваць абавязкова прысутнічаць на галіновых справаздачах і там праводзіць прэзентацыю навінак", - дадаў ён.

"Мы бачым, што не ўсе замежныя ўдзельнікі рынку вядуць добрасумленную канкурэнцыю на рынку Беларусі. Таму Дзяржстандарту разам з канцэрнам "Беллеспаперапрам" будзе пастаўлена задача ўкараніць эфектыўныя мерапрыемствы для таго, каб абараніць спажыўцоў ад няякаснай прадукцыі", - звярнуў увагу Ігар Ляшэнка.

25-я міжнародная спецыялізаваная выстаўка-кірмаш "Мэбля-2018" праходзіць у Мінску 12-15 верасня. Вядучыя вытворцы мэблі ў Беларусі, да якіх адносяцца прадпрыемствы "Беллеспаперапрама" і Асацыяцыі прадпрыемстваў мэблевай і дрэваапрацоўчай прамысловасці, арганізавалі кансалідаваную экспазіцыю. У час выстаўкі 13 верасня пройдзе бізнес-форум "Дрэваапрацоўка і мэбля Беларусі". Яго мэта - аказаць садзейнічанне беларускім вытворцам мэблі і іншай прадукцыі дрэваапрацоўкі ў выхадзе на новыя рынкі збыту, у прыватнасці на рынкі Германіі, Аўстрыі і суседніх краін. Будуць падведзены вынікі II Рэспубліканскага конкурсу праектаў прамысловага дызайну ў мэблевай галіне, конкурсаў "Лепшае мэблевае прадпрыемства года" і "Лепшая мэбля Беларусі-2018". -0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі