Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
16 ліпеня 2019, 14:49

Прыморскі край зацікаўлены ў павелічэнні паставак беларускіх тавараў - губернатар

16 ліпеня, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Лінейка беларускіх тавараў і прадукцыі, прадстаўленых у Прыморскім краі Расіі, будзе пашырацца. Аб гэтым заявіў журналістам губернатар гэтага рэгіёна Алег Кажамяка па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Алег Кажамяка падзякаваў за дапамогу і падтрымку з боку Беларусі на працягу ўсяго часу, як ён кіруе рэгіёнамі, згадаўшы, у прыватнасці, пастаўкі гуманітарных грузаў пасля паводкі ў Амурскай вобласці. "У нас вельмі даўнія, добрыя адносіны на ўзроўні ўзаемадаверу, поўнага ўзаемаразумення. Той фундамент, які быў створаны за папярэднія гады, цяпер будзе рэалізаваны ў Прыморскім краі", - запэўніў ён.

Паводле яго слоў, беларускія тавары цяпер прадстаўлены ў Прымор'і, але іх недастаткова. "Мы пашырым лінейку беларускай прадукцыі. Будуць створаны гандлёвыя дамы ў вялікіх гарадах, па раёнах", - сказаў ён.

Многія сумесныя праекты намечаны ў час гэтага візіту губернатара ў Беларусь. У прыватнасці, расійская дэлегацыя наведала Магілёўскую вобласць, правяла перагаворы з кіраўніцтвам шэрага прадпрыемстваў, у тым ліку ААТ "Магілёўліфтмаш". Запланаваны таксама наведванні агракамбіната "Ждановічы", ААТ "МАЗ", "МТЗ", "УКГ "Белкамунмаш", "Амкадор - УКГ". У складзе дэлегацыі Прымор'я - прадстаўнікі гарнарудных кампаній, для якіх перспектыўна выкарыстанне тэхнікі БелАЗ. Як адзначыў губернатар, у Расіі беларуская тэхніка з'яўляецца запатрабаванай, яе цэняць за якасць, наяўнасць сэрвіснага абслугоўвання, ільготных механізмаў пастаўкі.

Кіраваць рабочай групай па развіцці супрацоўніцтва з Прыморскім краем з боку Беларусі будзе старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. "Мы ведаем адзін аднаго больш за 10 гадоў, выпрацавалі сумесныя механізмы рэалізацыі праектаў. У нас ёсць вопыт. Мы гэта ўсё прыменім на Прыморскай зямлі. З кожным годам будзем павялічваць і сацыяльна-эканамічнае, і культурнае, гуманітарнае супрацоўніцтва, - падкрэсліў Алег Кажамяка. - Тыя напрамкі, якія сёння з'яўляюцца асноўнымі, змацаваннем нашых сувязей, стануць больш развітымі з улікам нашага вопыту, узаемаразумення, даверу, што ёсць з беларускага боку і з боку прыморцаў. Упэўнены, што з кожным годам дружба будзе пашырацца".

На думку расійскага губернатара, узмацніць супрацоўніцтва з Прыморскім краем будзе нават прасцей, чым з Сахалінскай вобласцю ў час яго кіраўніцтва гэтым рэгіёнам. "Прымор'е - гэта мацярык, больш густанаселены рэгіён, мяжуе з чатырма краінамі: Кітаем, Паўночнай і Паўднёвай Карэяй, Японіяй. Гэта незамярзаючыя парты, вялікі суднабудаўнічы комплекс", - растлумачыў Алег Кажамяка. Ён дадаў, што ў Прыморскім краі будуць асабліва запатрабаваны спецыялісты па будаўніцтве, у тым ліку дарожнай, і сельскай гаспадарцы.

Тавараабарот Беларусі з Прыморскім краем за студзень-май бягучага года склаў $5,7 млн і ў параўнанні з аналагічным перыядам 2018 года скараціўся на 1,7 працэнта. Экспарт беларускіх тавараў склаўся на ўзроўін $4,6 млн, імпарт - $1,1 млн. У Прыморскі край Беларусь пастаўляе ў асноўным грузавыя аўтамабілі, пруткі і алюмініевыя профілі, шыны, сыры, тварог і сметанковае масла. З пачатку года істотна ўзрос экспарт будаўнічых дэталей з пластмасы (на 44,5 працэнта) і касметыкі (у 6,6 раза).

У Прыморскім краі дзейнічае дылерская сетка беларускіх прадпрыемстваў па рэалізацыі прадукцыі машынабудавання праз расійскія кампаніі, зарэгістраваныя ў Маскве, Уладзівастоку і Барнауле.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі