ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Аўторак, 27 кастрычніка 2020
Мінск Суцэльная воблачнасць +10°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
22 верасня 2020, 14:40

Прыморскі край мае намер закупіць у Беларусі электробусы і заказаць будаўніцтва аб'ектаў

Алег Кажамяка
Алег Кажамяка

22 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прыморскі край Расіі мае намер закупіць у Беларусі электробусы і заказаць будаўніцтва некалькіх важных аб'ектаў. Аб гэтым паведаміў журналістам губернатар рэгіёна Алег Кажамяка па выніках сустрэчы з кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам і візіту дэлегацыі края ў Беларусь, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыў Алег Кажамяка, Прыморскі край па прычыне свайго геаграфічнага становішча цесна супрацоўнічае з краінамі Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна і многія віды прадукцыі закупляе там. "Але канкурэнтныя ўмовы беларускай прадукцыі па цане і якасці значна вышэйшыя, - сцвярджае ён. - Таму трэба больш інтэгравацца, і мы намецілі канкрэтныя праграмы, звязаныя з пастаўкай беларускіх тавараў". У прыватнасці, размова ідзе аб пастаўках прадукцыі сельскагаспадарчага прызначэння, прадуктаў харчавання, асабліва для арганізацыі харчавання ў школах.

Паводле слоў губернатара, ёсць цікавасць з боку вытворцаў па закупцы беларускай тэхнікі для лесаперапрацоўкі.

У час візіту расійская дэлегацыя таксама азнаёмілася з узорамі гарадскога транспарту і высока ацаніла іх якасць. "У вас традыцыйна высокі ўзровень вытворчасці аўтобусаў, электробусаў. Мы паглядзелі, што гэта сапраўды аўтобусы новага пакалення, якіх у нас яшчэ няма. Яны канкурэнтныя па цане і, вядома, па якасці. Таму наступныя закупкі будзем ажыццяўляць тут", - сказаў Алег Кажамяка.

"Некалькі праектаў мы прадаставім для беларускіх будаўнікоў, каб быў бачны іх уклад у наш рэгіён - рэгіён, дзе штогод праходзіць форум краін Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна, куды прыязджаюць іх лідары, - прадоўжыў ён. - Мы прадугледзім некалькі сацыяльных, жылых аб'ектаў, якія будуць упрыгожваць наш горад".

Акрамя таго, будзе прадоўжана кааперацыя ў галіне насенняводства, у тым ліку па навучанні расійскіх спецыялістаў у беларускіх ВНУ.

Па выніках візіту дасягнута дамоўленасць, што ў лістападзе бягучага года Прыморскі край наведае прадстаўнічая беларуская дэлегацыя на чале са старшынёй Магілёўскага аблвыканкама Леанідам Зайцам, адказным з беларускага боку за развіццё кантактаў з Прымор'ем.

"Сёння беларускія тавары ў шырокім асартыменце прадстаўлены ў Прымор'і, але патэнцыял вялікі і яшчэ не выкарыстаны да канца. Думаю, з кожным годам будзем нарошчваць тавараабарот", - падкрэсліў Алег Кажамяка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі