Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
15 чэрвеня 2022, 12:55

Права часова не налічваць амартызацыю: Мінэканомікі растлумачыла нюансы

15 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства эканомікі пракаменціравала пастанову Савета Міністраў ад 9 чэрвеня 2022 года нумар 380 "Аб пытаннях налічэння амартызацыі асноўных сродкаў і нематэрыяльных актываў у 2022-2023 гадах", паведамляе БЕЛТА.

Гэты дакумент прыняты ўрадам у якасці часовай меры, каб не дапусціць зніжэння эфектыўнасці работы суб'ектаў гаспадарання ва ўмовах парушэння сфарміраваных сусветных фінансава-гаспадарчых сувязей. Арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі атрымалі права прыняць рашэнне аб неналічэнні амартызацыі на перыяд з 1 ліпеня па 31 снежня 2022 года і з 1 студзеня па 31 снежня 2023-га па ўсіх або асобных аб'ектах асноўных сродкаў і нематэрыяльных актываў, што выкарыстоўваюцца імі ў прадпрымальніцкай дзейнасці. "Рашэнне можа быць прынята на адзін або абодва названыя перыяды", - растлумачылі ў прэс-службе Мінэканомікі. Прыняцце рашэнняў аб неналічэнні амартызацыі на іншыя тэрміны (асобныя месяцы, кварталы) не прадугледжана. Вярнуцца да налічэння амартызацыі ў поўным аб'ёме магчыма або з 1 студзеня 2023 года, або з 1 студзеня 2024-га.

Па аб'ектах асноўных сродкаў і нематэрыяльных актываў, прынятых да бухгалтарскага ўліку (уліку ІП) пасля 1 ліпеня 2022 года рашэнне аб неналічэнні амартызацыі можа быць прынята, пачынаючы з месяца, наступнага за месяцам прыняцця да ўліку.

"Арганізацыям і ІП, якія прымаюць рашэнне аб неналічэнні амартызацыі, неабходна ўнесці адпаведныя змяненні ва ўліковую палітыку. Рашэнне можа быць прынята як па ўсіх, так і па асобных аб'ектах асноўных сродкаў і нематэрыяльных актываў, што выкарыстоўваюцца імі ў прадпрымальніцкай дзейнасці. Суб'екты гаспадарання выбіраюць канкрэтны пералік аб'ектаў самастойна. Рашэнне замацоўваецца ўнутраным распарадчым дакументам", - адзначылі ў Мінэканомікі.

Нарматыўныя тэрміны службы (тэрміны карыснага выкарыстання) аб'ектаў асноўных сродкаў і нематэрыяльных актываў прадаўжаюцца на тэрмін, у якім налічэнне амартызацыі не ажыццяўлялася.

У выпадку, калі рашэнне прымаецца арганізацыямі, маёмасць якіх знаходзіцца ў дзяржуласнасці, долі (акцыі) у статутных фондах якіх належаць Беларусі і адміністрацыйна-тэрытарыяльным адзінкам, яны абавязаны ў трохдзённы тэрмін інфармаваць вышэйшыя дзяржаўныя органы.

Арганізацыям і ІП, якія прынялі да ўступлення ў сілу пастановы нумар 380 рашэнне аб неналічэнні амартызацыі па аб'ектах асноўных сродкаў у рамках рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, прыняцце дадатковага рашэння не патрабуецца.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі