Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
21 лістапада 2019, 17:36

Прапрацоўваецца пытанне будаўніцтва новага шклянога завода ў Беларусі

21 лістапада, Гродна /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі для задавальнення ўсё большага попыту на шкляную тару і ўпакоўку можа быць пабудаваны новы шкляны завод. Аб гэтым сёння паведаміў журналістам міністр архітэктуры і будаўніцтва Дзмітрый Мікулёнак перад пачаткам першай галіновай канферэнцыі работнікаў шкляной прамысловасці Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Ва ўсім свеце актуальна тэндэнцыя адмовы ад пластыкавай упакоўкі і вяртанне да экалагічнай шкляной тары. У Беларусі таксама робяцца крокі ў гэтым напрамку.

"Важна, каб да такога сур'ёзнага пераходу была гатова прамысловасць. Пераход запланаваны паэтапны. Напрыклад, спачатку апрабацыя пройдзе на пітной вадзе, газіроўках. Таму мы разлічваем, што магутнасці прадпрыемстваў будуць гатовы забяспечваць усё большую патрэбнасць у шкляной тары", - сказаў Дзмітрый Мікулёнак. Ён падкрэсліў, што ў краіне працуюць тры буйныя шкляныя заводы. Цяпер яны забяспечваюць амаль 70 працэнтаў рынку Беларусі. У прыватнасці, піўная бутэлька, бутэлька для лікёра-гарэлачных заводаў, тара для кансервавання, якая выкарыстоўваецца беларускімі прадпрыемствамі, у асноўным айчыннай вытворчасці.

Дзмітрый Мікулёнак адзначыў, што ўсе прадпрыемствы шкляной галіны Беларусі безупынна мадэрнізуюцца. Працэсы накіраваны на зніжэнне затрат і сабекошту, асвойванне новай прадукцыі, павышэнне яе канкурэнтаздольнасці. Прапрацоўваюцца пытанні па павелічэнні магутнасцей у краіне. У тым ліку і за кошт будаўніцтва новага завода па вытворчасці шкляной тары. "Вядуцца неабходныя разлікі. Паколькі гэты від прадукцыі запатрабаваны на замежных рынках, з будаўніцтвам новага завода мы зможам у разы нарасціць экспарт. Цяпер жа нашы прадпрыемствы часам вымушаны адмаўляць замежным пакупнікам, каб задаволіць попыты сваіх спажыўцоў. Галіне ёсць куды развівацца", - падкрэсліў міністр.

Генеральны дырэктар ААТ "Гродзенскі шклозавод" Юрый Скрыпко адзначыў, што новае прадпрыемства можа з'явіцца ў Гродне. "Попыт на шклатару як экалагічную ўпакоўку ўзрастае на ўнутраным і знешнім рынках. Мы да гэтага рыхтуемся. Цесна займаемся сваім новым праектам. Па сутнасці, на ўездзе ў Гродна можа з'явіцца новы завод", - расказаў дырэктар і падкрэсліў, што гэта прадпрыемства будзе выпускаць шырокі спектр прадукцыі, у тым ліку і бутэлькі для напіткаў, якія пакуль разліваюцца ў пластык.

У Гродна праходзіць першая галіновая канферэнцыя работнікаў шкляной прамысловасці Беларусі. Удзел у ёй прымаюць кіраўнікі ўсіх шкляных арганізацый краіны, а таксама прадстаўнікі профільных кампаній з Германіі і Расіі. Сярод вынесеных на абмеркаванне пытанняў - тэндэнцыі развіцця тэхналогій вытворчасці шклатары ў Беларусі, бліжэйшых краінах і ва ўсім свеце, а таксама стан і перспектывы еўрапейскага рынку ліставога шкла.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі