Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
11 чэрвеня 2018, 19:56

Праект указа аб статусе гандлёва-лагістычнага кластара пад Оршай у высокай ступені гатоўнасці - Мясніковіч

11 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праект указа аб статусе гандлёва-лагістычнага і навукова-прамысловага кластара ў Аршанскім раёне ў высокай ступені гатоўнасці, паведаміў журналістам старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч пасля сустрэчы з парламенцкай дэлегацыяй Індыі на чале са спікерам Лок сабхі (ніжняя палата) парламента Індыі Сумітрой Махаджан, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Цяпер у высокай ступені гатоўнасці праект указа аб стварэнні асаблівых умоў для функцыянавання гэтага гандлёва-лагістычнага і навукова-прамысловага кластара", - сказаў старшыня Савета Рэспублікі.

На яго думку, гэты праект у пасёлку Балбасава можа быць унікальным. "Мы лічым, што нашым краінам можна было б стварыць магутны гандлёва-лагістычны і прамысловы кластар з удзелам беларускай кампаніі "Брэміна груп". Ёсць адпаведны інтарэс. Ужо прыязджала вялікая група бізнесменаў з Індыі, каб паглядзець, якія праекты там можна рэалізаваць", - адзначыў Міхаіл Мясніковіч.

На сустрэчы з парламенцкай дэлегацыяй Індыі старшыня Савета Рэспублікі звярнуў увагу, што для функцыянавання кластара будзе створаны "даволі льготны падатковы рэжым, будуць прадастаўляцца дзяржаўныя прэферэнцыі". Ён запэўніў, што індыйскім кампаніям, якія прыйдуць са сваім або сумесным капіталам, будзе вельмі камфортна працаваць не толькі ў Беларусі, але ў цэлым на тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза.

Міхаіл Мясніковіч нагадаў, што Індыя выдзеліла Беларусі $100 млн крэдыту. Гэтыя сродкі, на думку беларускага боку, могуць цалкам быць накіраваны на падтрымку праектаў у Аршанскім раёне.

У цэлым кантакты паміж Беларуссю і Індыяй развіваюцца даволі дынамічна, дадаў старшыня Савета Рэспублікі. Калі за мінулы год экспарт павялічыўся прыкладна на 13 працэнтаў, то ў першым квартале гэтага года - на трэць. У асноўным прырост ажыццяўляецца за кошт новых напрамкаў. Актыўна развіваецца інвестыцыйнае супрацоўніцтва, што стала магчымым дзякуючы кантактам на вышэйшым узроўні, парламенцкаму ўзаемадзеянню. Індыйскія інвестары прыходзяць у Беларусь і працуюць над рэалізацыяй сумесных праектаў, у прыватнасці ў фармацэўтычнай сферы. На сустрэчы таксама абмяркоўвалася магчымае стварэнне поўнафарматнага індыйска-беларускага фільма з выкарыстаннем магчымасцей "Беларусьфільма". Наладжаны кантакты і ў адукацыйнай сферы: каля 50 індыйскіх выкладчыкаў прайшлі ўжо навучанне ў Беларусі.

"Лічу, што парламенцкаму супрацоўніцтву могуць актыўна садзейнічаць міжпарламенцкія групы дружбы. Хацелася б, каб і ў парламенце Індыі была такая група дружбы. У нас яна інтэграваная: уваходзяць і сенат, і непасрэдна Палата прадстаўнікоў. Спадарыня Бадак (старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Ала Бадак. - Заўвага БЕЛТА) кіруе гэтай групай. Хацелася б, каб у яе быў партнёр з індыйскага боку", - заўважыў Міхаіл Мясніковіч. Ён падкрэсліў, што Беларусь вельмі даражыць адносінамі з Індыяй. Гэта яскравы прыклад супрацоўніцтва, калі памеры і маштабы дзяржаў, эканомікі не з'яўляюцца перашкодай, каб выбудоўваць узаемапаважлівае супрацоўніцтва па ўсіх напрамках.

Сумітра Махаджан у сваю чаргу выказала ўпэўненасць, што далейшае супрацоўніцтва паміж краінамі будзе такім жа паспяховым. Ёсць усе перадумовы, каб наладзіць плённае ўзаемадзеянне не толькі ў фармацэўтычнай сферы, але і іншых галінах.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі