Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
16 лістапада 2020, 16:05

Праект дзяржпраграмы "Транспартны комплекс" на 2021-2025 гады вынесены на грамадскае абмеркаванне

16 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праект дзяржаўнай праграмы "Транспартны комплекс" на 2021-2025 гады вынесены на грамадскае абмеркаванне, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінтранса.

"Дзяржпраграма "Транспартны комплекс" на 2021-2025 гады распрацавана ў адпаведнасці з прыярытэтамі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі (стварэнне развітога бізнес-асяроддзя, устойлівай інфраструктуры) і мэтамі (забеспячэнне ўстойлівай мабільнасці, фарміраванне транспартна-лагістычнай сістэмы, стварэнне якаснай, надзейнай транспартнай інфраструктуры)", - расказалі ў прэс-службе.

Дзяржпраграма ўключае некалькі падпраграм. Адна з іх - "Чыгуначны транспарт" - прадугледжвае развіццё чыгуначнага транспарту і яго інфраструктуры, абнаўленне рухомага саставу, тэхнічныя і тэхналагічныя мерапрыемствы. "Так, у 2021-2025 гадах у галіне пасажырскіх перавозак прагназуецца павышэнне скорасці руху паяздоў, развіццё выкарыстання электронных праязных дакументаў, удзел у міжнародных зносінах паскораных паяздоў, якія накіроўваюцца транзітам праз Беларусь. У сферы грузавых перавозак - развіццё кантэйнерных перавозак спецыялізаванымі паскоранымі паяздамі ў напрамку Кітай - Заходняя Еўропа - Кітай, прымяненне сучасных інфармацыйных тэхналогій, аптымізацыя транспартна-лагістычных схем дастаўкі грузаў", - адзначылі ў Мінтрансе.

Падпраграма "Аўтамабільны, гарадскі электрычны транспарт і метрапалітэн" прадугледжвае забеспячэнне даступнасці, павышэнне эфектыўнасці работы транспартных арганізацый, а таксама якасці і бяспекі паслуг. "У прыватнасці, работа будзе накіравана на забеспячэнне перавозчыкаў дастатковай колькасцю дазволаў, далейшую лібералізацыю (адмену) дазвольнай сістэмы, абнаўленне парку шляхам пашырэння прымянення электробусаў і тралейбусаў з павялічаным аўтаномным ходам. Акрамя таго, у прыярытэце стварэнне камфортных умоў для пасажыраў з абмежаванымі магчымасцямі і пажылых людзей, пашырэнне выкарыстання сучасных геаінфармацыйных, навігацыйных і камунікацыйных сістэм", - растлумачылі ў ведамстве.

Згодна з падпраграмай "Унутраны водны і марскі транспарт", прадоўжыцца рэфармаванне воднага транспарту з улікам створанай Дзяржаўнай адміністрацыі воднага транспарту. Таксама акцэнт будзе зроблены на развіцці інфраструктуры воднага транспарту, павышэнні даступнасці і эфектыўнасці яго выкарыстання, развіцці дзяржаўнага рэестра марскіх суднаў.

Падпраграма "Грамадзянская авіяцыя" арыентавана на забеспячэнне даступнасці і якасці авіяперавозак, бяспекі палётаў, далейшае развіццё Нацыянальнага аэрапорта па хабавай тэхналогіі абслугоўвання пасажыраў. Размова таксама ідзе аб развіцці рэгулярных і чартарных авіяцыйных зносін з абласных аэрапортаў, адкрыцці далёкамагістральных рэйсаў праз Нацыянальны аэрапорт Мінск паміж ЗША і Беларуссю, удасканаленні падрыхтоўкі авіяцыйнага персаналу.

Падпраграма "Забеспячэнне функцыянавання транспартнага комплексу" прадугледжвае развіццё навукова-тэхнічнага патэнцыялу галіны, павышэнне лічбавізацыі арганізацый транспартнага комплексу, мадэрнізацыю інфармацыйных сістэм, распрацоўку праграмных прадуктаў для паляпшэння эфектыўнасці арганізацый Мінтранса.

Арганізатар грамадскага абмеркавання - Міністэрства транспарту і камунікацый. Заўвагі і прапановы можна накіраваць да 13 снежня ў Мінтранс на электронны адрас bernyukevich.a@mintrans.gov.by або па тэлефоне + 375 17-259-79-58.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі