Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
21 верасня 2018, 13:56

Прадпрыемствы Мінпрама ў студзені-жніўні павялічылі экспарт на 19,7 працэнта

21 верасня, Мінск /Вера Сяргеева - БЕЛТА/. Прадпрыемствы Міністэрства прамысловасці ў студзені - жніўні 2018 года павялічылі экспарт прадукцыі на 19,7 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі першы намеснік міністра прамысловасці Генадзь Свідзерскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Па выніках работы за студзень-жнівень тэмп росту аб'ёмаў вытворчасці склаў 114,1 працэнта. Сярэднямесячны аб'ём узрос да больш як Br1,2 млрд, - сказаў Генадзь Свідзерскі. - Традыцыйна асноўная прадукцыя экспартавалася. За восем месяцаў мы атрымалі ад экспарту больш за $3 млрд, гэта 119,7 працэнта да ўзроўню мінулага года. Спадзяюся, гэту тэндэнцыю ўдасца замацаваць і захаваць".

Адказваючы на пытанне аб геаграфіі экспарту, ён адзначыў, што ў гэтым годзе спіс краін застаўся ранейшым. "Па машынабудаўнічай прадукцыі асноўным рынкам застаецца Расія. Ёсць пастаўкі ў краіны ЕС і краіны далёкай дугі. Пашырэнне геаграфіі паставак адзначаецца па БелАЗе", - дадаў Генадзь Свідзерскі.

Першы намеснік міністра падкрэсліў, што па выніках жніўня аб'ёмы складскіх запасаў гатовай прадукцыі на прадпрыемствах Мінпрама былі меншымі за сярэднямесячны аб'ём вытворчасці.

Сярод найбольш паспяховых прадпрыемстваў ён назваў Беларускі металургічны завод. "Калі раней мы атрымлівалі ад металургічнай прадукцыі $1 млрд за год, то ў гэтым годзе ў пачатку верасня гэта лічба ўжо была дасягнута. Гэта азначае, што тэхпераўзбраенне, стаўка на прадукцыю для машынабудавання далі магчымасць значна павялічыць экспартную выручку. Мы разлічваем, што да канца года гэта тэндэнцыя захаваецца", - адзначыў Генадзь Свідзерскі.

Ён таксама адзначыў работу "Магілёўліфтмаша", БелАЗа, які выпусціў кар'ерны самазвал грузападымальнасцю 290 т. Мінскі трактарны завод паспяхова працуе над беспілотным трактарам. Практычна завершаны работы па перааснашчэнні і аснашчэнні вытворчасці завода "БелОМА".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі