28 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Поўная карціна эканамічнага эфекту ад правядзення ў Мінску ІІ Еўрапейскіх гульняў будзе атрымана ў студзені 2020 года. Аб гэтым першы намеснік прэм'ер-міністра Аляксандр Турчын заявіў у эфіры тэлеканала "Беларусь 1", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Па выніках 2019 года правядзём канчатковы аналіз. Сёння ў нас ёсць інфармацыя аб суме прададзеных білетаў, запаўняльнасці гасцініц, таварах, купленых замежнымі гасцямі, калі яны выкарыстоўвалі Tax Free, - сказаў Аляксандр Турчын. - У студзені ўбачым поўную карціну".
У цэлым на Еўрапейскія гульні ў 2017-2019 гадах патрачана каля Br840 млн. "Гэта розныя крыніцы - бюджэтныя сродкі, крэдыты банкаў, спонсарская дапамога. Каля 70 працэнтаў, гэта значыць амаль Br600 млн, - інвестыцыйныя затраты. Можна задаць сабе пытанне: гэта грошы, якія пайшлі на гульні, або, калі б іх не было, мы гэтыя расходы ўсё роўна ажыццяўлялі б?" - адзначыў першы віцэ-прэм'ер.
У якасці прыкладаў ён прывёў студэнцкі інтэрнат па праспекце Дзяржынскага, недабудаваныя аб'екты ў студгарадку, закупленыя новыя аўтобусы і электробусы для Мінска, перададзеныя ў абласныя аўтапаркі.
"Атрымліваецца, Br240 млн зрасходаваны непасрэдна на правядзенне гульняў. Каля палавіны з гэтай сумы - сродкі спонсараў. Яны пайшлі ў тым ліку на пражыванне спартсменаў, іх харчаванне", - дадаў Аляксандр Турчын. І прадоўжыў ланцужок разважанняў у тым ключы, што такім чынам даход атрымалі прадпрыемствы грамадскага харчавання, сферы паслуг.-0-