Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
25 красавіка 2019, 10:19

Польшча спыніла транзіт нафты па нафтаправодзе "Дружба"

25 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Польшча спыніла транзіт нафты па нафтаправодзе "Дружба", беларускі бок атрымаў адпаведную тэлефанаграму ад кампаніі PERN (аператар польскага ўчастка "Дружбы"), заявіў карэспандэнту БЕЛТА галоўны інжынер ААТ "Гомельтранснафта Дружба" Андрэй Вярыга.

"Мы атрымалі пісьмо ад PERN, што НПЗ у Польшчы і Германіі не могуць прымаць і перапрацоўваць нафту з такімі паказчыкамі, з якімі яна цяпер прыходзіць у пункт прыёмкі паставак "Адамава". У 22.00 па варшаўскім часе (23.00 па мінскім часе) 24 красавіка яны прыпынілі адбор, г. зн. спынілі транспарціроўку нафты ў Польшчу ў пункце "Адамава" на нявызначаны тэрмін", - паведаміў Андрэй Вярыга.

У адпаведнасці з гэтым паведамленнем "Гомельтранснафта Дружба" накіравала тэлефанаграму ў Бранск аб спыненні транзіту па заходнім напрамку ў сувязі з пастаўкамі няякаснай нафты і адмовай PERN прымаць яе. "На захадзе нафтаправод ад Мазыра ў заходні бок цалкам спынены, засаўкі закрыты. Захоўваецца пастаўка нафты па іншай ветцы ў аб'ёмах, неабходных для транзіту ў напрамку Украіны, гэта каля 40 тыс. т у суткі", - праінфармаваў галоўны інжынер ААТ "Гомельтранснафта Дружба".

У паведамленні аператара польскага ўчастка "Дружбы" таксама адзначаецца, што прадаўжэнне паставак нафты з павышанай колькасцю ў саставе хларыдаў прыводзіць да рызыкі сур'ёзнай прамысловай аварыі як для НПЗ, так і для лагістычнай сістэмы PERN.

Інфармацыю аб спыненні транзіту ў польскім напрамку БЕЛТА пацвердзіла таксама прэс-сакратар канцэрна "Белнафтахім" Марына Касцючэнка.

"Белнафтахім" ужо на працягу тыдня б'е трывогу ў сувязі з пастаўкамі няякаснай нафты, якая паступае з расійскага боку, цярпліва вядзе перагаворы з "Транснафтай" і настойвае на хутчэйшым вырашэнні пытання забеспячэння беларускіх НПЗ і трубаправоднай сістэмы нафтай, якая адпавядае стандарту. Аднак расійскім бокам зацягваецца прыняцце аператыўных мер, нягледзячы на абяцанні вырашыць пытанне на працягу 2-3 дзён", - сказала Марына Касцючэнка.

"Нашы суседзі не сталі чакаць, і ў сувязі з адмовай усіх НПЗ прымаць і перапрацоўваць нафту з павышанай колькасцю ў саставе хлорарганікі польскі аператар PERN спыніў прыём нафты. Гэта прыводзіць да страты рэпутацыі расійскіх пастаўшчыкоў нафты ў Еўропу і, на жаль, ускладняе работу беларускага трубаправоднага транспарту і Мазырскага НПЗ", - дадала прэс-сакратар.

Як паведамлялася, "Белнафтахім" на мінулым тыдні заявіў аб рэзкім пагаршэнні якасці расійскай экспартнай сумесі Urals, якая паступае транзітам ва ўчастак магістральнага нафтаправода ААТ "Гомельтранснафта Дружба". З-за гэтага было пашкоджана дарагое абсталяванне на Мазырскім НПЗ. Абодва беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы - Мазырскі НПЗ і ААТ "Нафтан" - вымушаны знізіць загрузку магутнасцей.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі