Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
15 сакавіка 2019, 17:32

Петрышэнка: лічбавая эканоміка стала часткай нацыянальнай стратэгіі Беларусі

15 сакавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Лічбавая эканоміка ў Беларусі стала часткай нацыянальнай стратэгіі дзяржавы. Аб гэтым заявіў віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка сёння ў Маскве на міжнародным эканамічным форуме дзяржаў - удзельніц Садружнасці "СНД: лічбавая эканоміка - платформа інтэграцыі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Ігар Петрышэнка падкрэсліў, што важнейшым крокам у лічбавізацыі краіны стаў дэкрэт Прэзідэнта Беларусі "Аб развіцці лічбавай эканомікі", падпісаны ў снежні 2017 года. З яго прыняццем былі створаны ўмовы для дынамічнага развіцця IT-сферы, атрыманы ўнікальныя канкурэнтныя перавагі для прыцягнення тэхналогій, інвестыцый, а таксама вядучых спецыялістаў і кампаній з усяго свету, рэзідэнты якіх могуць у льготным падатковым і прававым рэжыме адкрываць свае прадстаўніцтвы і працаваць у буйнейшым IT-кластары Усходняй Еўропы - беларускім Парку высокіх тэхналогій.

Віцэ-прэм'ер канстатаваў, што працэсы лічбавізацыі пастаўлены ў якасці прыярытэту для развіцця кожнай галіны эканомікі. У Беларусі праводзіцца сістэмная работа па развіцці электроннага ўрада, развіваецца сістэма прадастаўлення дзяржаўных электронных паслуг грамадзянам і бізнесу, ствараецца Беларуская інтэграваная сэрвісна-разліковая сістэма. Ён таксама нагадаў, што ў 2018 годзе Беларусь паднялася на 38-е месца ў рэйтынгу ААН па ўзроўні развіцця электроннага ўрада (United Nations E-Government Survey 2018), перамясціўшыся на 11 радкоў уверх у параўнанні з вынікамі 2016 года.

Сёння ж беларуская дэлегацыя на чале з Ігарам Петрышэнкам у Маскве прыняла ўдзел у пасяджэнні Эканамічнага савета СНД. Яго ўдзельнікі адобрылі распрацаваны пры ўдзеле Беларусі праект Стратэгіі забеспячэння інфармацыйнай бяспекі дзяржаў - удзельніц СНД.

Асаблівае месца ў парадку Эканамічнага савета занялі пытанні забеспячэння правоў спажыўцоў у сферы электроннага гандлю. Таксама былі разгледжаны ўзаемадзеянне мытных органаў дзяржаў СНД у сферы абароны правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці, змяненні ў пагадненне аб парадку мытнага афармлення і мытнага кантролю тавараў, што перамяшчаюцца паміж удзельнікамі зоны свабоднага гандлю ў СНД, і ў пагадненне аб парадку транзіту праз тэрыторыі дзяржаў - удзельніц СНД.

Адбыўся абмен думкамі адносна падрыхтоўкі праекта міждзяржаўнай праграмы інавацыйнага супрацоўніцтва на перыяд да 2030 года. Акрамя таго, членам Эканамічнага савета быў прадстаўлены даклад аб ролі нацыянальных перастраховачных кампаній у развіцці нацыянальных рынкаў перастрахавання ў дзяржавах - удзельніцах СНД на аснове вопыту Беларусі і Расіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі