Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
30 верасня 2019, 12:39

Першы кантэйнерны поезд з мясной прадукцыяй плануюць адправіць у Кітай у лістападзе

30 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першы кантэйнерны поезд з мясной прадукцыяй у Кітай можа адправіцца ўжо ў лістападзе бягучага года. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам генеральны дырэктар "Белінтэртранса - транспартна-лагістычнага цэнтра" Андрэй Сладкевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У гэтым годзе мы ўжо адправілі шэсць кантэйнерных паяздоў, якія складаюцца з 41 кантэйнера, з сухім малаком і сыроваткай. З пачатку рэалізацыі праекта ў 2018 годзе адпраўлена ўжо 10 паяздоў. Цяпер прапрацоўваем праект з "Мяса-малочнай кампаніяй", каб у лістападзе адправіць першы поезд у Кітай з мясам", - сказаў Андрэй Сладкевіч.

Ён адзначыў, што гэтыя планы даволі амбіцыйныя, паколькі мяса - скорапсавальны прадукт. "Тут трэба арганізаваць не толькі апошнюю мілю па Кітаі, але і першую мілю па Беларусі, улічваючы наяўнасць прадпрыемстваў, з якіх неабходна сабраць мяса, кансалідаваць у нашым хабе (кантэйнерным тэрмінале Калядзічы)", - дадаў кіраўнік прадпрыемства.

Паводле яго слоў, пакуль складана сказаць, хто канкрэтна будзе пастаўляць мясную прадукцыю, прапрацоўкай пытання займаецца ЗАТ "Мяса-малочная кампанія". "Па крайняй меры, мы вызначыліся з рухомым саставам: з улікам таго, што мяса - скорапсавальны прадукт, будуць выкарыстоўвацца рэфкантэйнеры", - адзначыў Андрэй Сладкевіч.

У сваю чаргу начальнік службы грузавой работы і знешнеэканамічнай дзейнасці ўпраўлення БЧ Аляксандр Неўмяржыцкі звярнуў увагу, што з мінулага года Беларуская чыгунка даволі паспяхова рэалізуе тэхналогію адпраўкі прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў у Кітай, не збіраючы яе да цэлага поезда. "Гэта тэхналогія дае магчымасць асобныя вагоны або групы вагонаў прычапляць да арганізаваных кантэйнерных паяздоў, якія вяртаюцца з Заходняй Еўропы", - сказаў начальнік службы. Гэта дае магчымасць даставіць груз у Кітай за тыдзень.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі