Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
06 сакавіка 2019, 09:33

Першы кантэйнерны поезд з беларускай прадукцыяй дрэваапрацоўкі адправіўся ў Румынію

6 сакавіка, Ганцавічы /Кар. БЕЛТА/. У Ганцавічах 5 сакавіка адбылася ўрачыстая цырымонія адпраўкі ў рэйс першага кантэйнернага поезда, які даставіць у Румынію прадукцыю дрэваапрацоўкі беларускіх прадпрыемстваў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У склад поезда ўключаны 124 кантэйнеры павышанай умяшчальнасці, яны размяшчаюцца на 31 спецыялізаванай платформе. Шлях ад Ганцавіч да канцавой станцыі Вікшані грузавы поезд пераадолее за 39 гадзін. "Гэты буйны праект вельмі важны для нашага прадпрыемства, у цэлым для Беларускай чыгункі. Ён рэалізаваны дзякуючы супрацоўніцтву з украінскімі і славенскімі партнёрамі. Поезд будзе перавозіць шчэпкі з Беларусі на завод у Румынію, ідучы праз Украіну. Плануецца, што ён будзе курсіраваць па графіку чатыры разы ў месяц. Поезд будзе грузіцца не толькі ў Ганцавічах, але і ў іншых лясгасах па Прыпяцкім напрамку, - адзначыў першы намеснік генеральнага дырэктара дзяржпрадпрыемства "Белінтэртранс" Аляксандр Янчэўскі.

Раней у Румынію шчэпкі дастаўлялі ў паўвагонах не арганізаванымі паяздамі, а ў складзе іншых. Адпаведна час руху грузу заказчыкам расцягваўся. Прамыя кантэйнерныя перавозкі дадуць магчымасць скараціць тэрміны дастаўкі, што паўплывае на рост аб'ёмаў экспарту прадукцыі дрэваапрацоўкі. Плануецца, што на працягу 2019 года румынскім партнёрам па чыгунцы будзе пастаўлена 120 тыс. т шчэпак. У перспектыве ў гэту краіну штотыдзень з Беларусі будуць адпраўляцца па тры кантэйнерныя паязды, павялічыўшы колькасць рэйсаў да 12 у месяц.

"У мінулым годзе мы запусцілі поезд Мінск-Рыга-Мінск, які паказаў паспяховую работу. Цяперашняя падзея з'яўляецца лагічным прадаўжэннем гэтага праекта. Прапануем беларускаму і замежнаму бізнесу новы лагістычны прадукт па дастаўцы тавараў з краін Балтыі ў Паўднёвую Еўропу і па зваротным маршруце", - сказаў першы намеснік начальніка Беларускай чыгункі Ігар Шылаў. Вытворцы дрэваапрацоўчай прадукцыі зацікаўлены ў пашырэнні гэтага праекта. "Такую ж тэхналогію адгрузкі шчэпак мы хацелі б распаўсюдзіць на іншыя напрамкі - краіны Балтыі, Польшчу. У нас дастаткова рэсурсаў і аб'ёмаў. Лясгасы гатовы грузіць да 300 тыс. т штомесяц", - дадаў намеснік дырэктара УП "Беллесэкспарт" Сяргей Мацюлін.

Развіццё экспартна-імпартных перавозак грузаў беларускіх прадпрыемстваў для БЧ з'яўляецца адным са стратэгічных напрамкаў. У прыватнасці, у рамках развіцця калідора Поўнач-Поўдзень сумесна з ААТ "РЧ" і ЗАТ "Азербайджанскія чыгункі" прапрацоўваецца пытанне аб арганізацыі новага праекта - курсіраванне кантэйнернага поезда па маршруце Мінск-Баку. Гэта дасць магчымасць у самыя кароткія тэрміны (сем сутак) дастаўляць беларускія тавары ў Азербайджан.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі