Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
22 студзеня 2019, 11:39

Перагаворы з ЗША па ўступленні Беларусі ў СГА пачнуцца пасля завяршэння "шатдаўну" - Ярашэвіч

22 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь плануе пачаць двухбаковыя перагаворы з ЗША па пытанні ўступлення краіны ў Сусветную гандлёвую арганізацыю пасля завяршэння "шатдаўну" ў Штатах. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Ярашэвіч, які прымае ўдзел у нацыянальным семінары па Генеральным пагадненні па гандлі паслугамі СГА, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Намеснік міністра адзначыў, што ў лютым у Жэневе пройдзе чарговы раўнд перагавораў, пасяджэнне рабочай групы па ўступленні Беларусі ў СГА. "Парадак дня яшчэ не сфарміраваны, паколькі ў Амерыцы цяпер "шатдаўн" і ўрад не працуе, а ЗША - гэта адзін з партнёраў, з якім нам трэба завяршыць перагаворы. Таму, як толькі ўрад Штатаў выйдзе на работу, мы ўступім у перагаворны працэс па нашым уступленні ў СГА", - сказаў ён.

Як адзначыў на семінары пасол па асаблівых даручэннях МЗС - галоўны перагаворшчык па далучэнні Беларусі да СГА Уладзімір Серпікаў, па доступе на рынак паслуг краіна ўжо завяршыла перагаворы з дзевяццю членамі Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Яшчэ з чатырма (Еўрасаюз, ЗША, Канада, Украіна) адпаведныя перагаворы прадаўжаюцца. Пры гэтым прадстаўнік МЗС адзначыў, што не ўсе краіны вылучаюць запыты ў частцы доступу на рынкі паслуг.

Семінар па Генеральным пагадненні па гандлі паслугамі СГА праходзіць у Мінску 22-24 студзеня. Яго арганізатарамі выступаюць Міністэрства эканомікі і Міністэрства замежных спраў Беларусі сумесна з сакратарыятам Сусветнай гандлёвай арганізацыі пры падтрымцы праекта ПРААН "Садзейнічанне ўраду Рэспублікі Беларусь пры ўступленні ў СГА праз узмацненне экспертнага і інстытуцыянальнага патэнцыялу".

Мэта семінара - павышэнне ўзроўню ведаў і экспертнага патэнцыялу прадстаўнікоў дзяржаўных органаў Беларусі, задзейнічаных у перагаворах па доступе на рынак паслуг у кантэксце далучэння да СГА. Семінар накіраваны на паляпшэнне разумення ўдзельнікамі структуры, функцыянавання, абавязацельстваў і прынцыпаў Генеральнага пагаднення па гандлі паслугамі з акцэнтам на фарміраванні спецыфічных абавязацельстваў па доступе на рынак паслуг.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі