Сцяг Пятніца, 15 мая 2026
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
03 чэрвеня 2021, 17:06

Перагаворы аб стварэнні паўнацэннай зоны свабоднага гандлю ЕАЭС і Ірана пачнуцца ў бліжэйшы час

3 чэрвеня, Мінск /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Перагаворы аб стварэнні паўнацэннай зоны свабоднага гандлю Еўразійскага эканамічнага саюза і Ірана плануецца пачаць у бліжэйшы час. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Еўразійскай эканамічнай камісіі па выніках сустрэчы старшыні Калегіі ЕЭК Міхаіла Мясніковіча і міністра энергетыкі Ірана, сустаршыні пастаяннай расійска-іранскай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве Рэзы Ардаканіяна, якая адбылася на палях Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму.

"Неабходныя рашэнні аб пачатку перагавораў прыняты ў ЕАЭС у снежні мінулага года, цяпер краіны саюза заканчваюць фарміраванне канкрэтнага мандата на перагаворы, - сказаў Міхаіл Мясніковіч. - Разлічваем, што ўжо ў канцы чэрвеня 2021 года мы завершым неабходныя працэдуры і будзем гатовы пачаць перагаворы".

Кіраўнік ЕЭК канстатаваў, што часовае пагадненне паміж ЕАЭС і Іранам аб рэжыме свабоднага гандлю ўжо стала эфектыўным інструментам развіцця супрацоўніцтва. "У 2020 годзе тавараабарот паміж ЕАЭС і Іранам вырас на 18,5 працэнта ў параўнанні з паказчыкамі 2019 года, дасягнуўшы $2,9 млрд, - адзначыў ён. - Экспарт краін ЕАЭС у Іран у I квартале 2021 года павялічыўся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 43,5 працэнта, а імпарт - на 20 працэнтаў. Такім чынам, тавараабарот павялічыўся больш як на трэць і склаў $1,15 млрд. Гэта вынік нашай сумеснай работы".

Асаблівая ўвага на сустрэчы была ўдзелена найбольш перспектыўным інфраструктурным праектам краін ЕАЭС і Ірана, сярод якіх развіццё міжнароднага транспартнага калідора Поўнач - Поўдзень, а таксама іншым кааперацыйным ініцыятывам.

Часовае пагадненне, якое вядзе да ўтварэння зоны свабоднага гандлю паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і яго дзяржавамі-членамі з аднаго боку і Іранам з другога падпісана 17 мая 2018 года і ўступіла ў сілу з 27 кастрычніка 2019 года. У адпаведнасці з арт.1.3 часовага пагаднення бакі павінны пачаць перагаворы аб заключэнні пагаднення аб свабодным гандлі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі