
2 чэрвеня, Слаўгарад /Кар. БЕЛТА/. Стварэнне вытворчасцей за межамі Беларусі забяспечыць патанненне экспарту. Аб гэтым ішла размова ў час візіту прэм'ер-міністра Беларусі Рамана Галоўчанкі ў філіял "Слаўгарадскі" ААТ "Бабуліна крынка", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Дэлегацыя на чале з прэм'ер-міністрам азнаёмілася з работай філіяла "Слаўгарадскі" ААТ "Бабуліна крынка", які спецыялізуецца на вытворчасці цвёрдых і паўцвёрдых сычужных сыроў. Пры абмеркаванні развіцця прадпрыемства Раман Галоўчанка акрэсліў пытанні патаннення экспарту, у тым ліку за кошт стварэння новых вытворчасцей за межамі краіны. Такая лагістыка стымулюе далейшае развіццё прадпрыемства. Так, сёння вялікая частка экспарту перапрацоўчага холдынга сканцэнтравана на расійскім рынку. У лічбах гэта больш за 72 працэнты. Аднак неабходна развіваць і іншыя напрамкі.
Сёння ў асартыментны пералік філіяла "Слаўгарадскі" ўваходзяць 33 найменні прадукцыі рознай тлустасці і тэрмінаў выспявання. Вытворчая магутнасць складае 12 т сыру за суткі.
"У мінулым годзе тут перапрацавалі 44,6 тыс. т малака і вырабілі больш за 3,5 тыс. т сыру. Гэта на 25,3 працэнта больш, чым у 2021 годзе, - удакладняе кіраўнік філіяла Уладзімір Бялюсь. - Павялічыць аб'ёмы і пашырыць асартымент выпускаемай прадукцыі дазволіла мадэрнізацыя, якая завяршылася два гады таму. Яна праходзіла ў адпаведнасці з указам нумар 235 "Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці".

У якасці прыкладу мадэрнізацыі можна гаварыць аб замене блок-форм на ўчастку выпрацоўкі сыроў - новаўвядзенне дазволіла вырабляць сыры ў форме бруса. Тут таксама адкрылі новы ўчастак выспявання сыроў, на якім вырабляецца прадукцыя з вялікім тэрмінам выспявання. Замянілі нямала абсталявання, у тым ліку для паляпшэння якасці сыроваткі. Узамен старой з'явілася новая пастэрызацыйна-ахаладжальная ўстаноўка на ўчастку згушчэння. У сваю чаргу ўстаноўленая ў канцы 2021 года камера для выспявання прадукцыі ўмяшчальнасцю да 265 т дазволіла вырабляць у Слаўгарадзе элітныя сарты сыру з вялікім тэрмінам выспявання.-0-