Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
17 студзеня 2019, 16:02

Паступленні ў бюджэт ФСАН ад ІП і самазанятых на 2019 год прагназуюцца ў суме каля Br123 млн

17 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Паступленні ў бюджэт Фонду сацыяльнай абароны на 2019 год ад ІП і самазанятых складуць каля 1 працэнта ад усёй сумы абавязковых страхавых узносаў. Аб гэтым заявіла сёння кіраўнік Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка на прэс-канферэнцыі па растлумачэнні ўказа нумар 500 у прэс-цэнтры БЕЛТА.

"У законе аб бюджэце фонду на 2019 год плануюцца даходы ад ІП і самазанятых асоб на ўзроўні 2018 года. Паступленні ад іх у мінулым годзе склалі каля Br123 млн. Гэта ўсяго 1 працэнт ад сумы абавязковых страхавых узносаў у цэлым, якія паступаюць у бюджэт фонду", - сказала Наталля Паўлючэнка.

Нягледзячы на тое, што ўдзельнічаць у дзяржаўным сацыяльным страхаванні змогуць і фізасобы, якія працуюць без рэгістрацыі ІП, прадстаўнікі ФСАН лічаць, што паступленні ад іх кампенсуюць зніжэнне паступленняў ад ІП, якое чакаецца ў сувязі са змяненнямі згодна з указам нумар 500. Свой невялікі ўклад уносяць і рамеснікі, уладальнікі аграэкасядзіб (у 2018 годзе сярод гэтай катэгорыі плацілі ўзносы больш за 200 чалавек), члены творчых саюзаў, таксама працуючыя за мяжой людзі, якія выказалі жаданне фарміраваць свой страхавы стаж у Беларусі.

Указам нумар 500 "Аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні" ад 27 снежня 2018 года прадастаўлена права на добраахвотнай аснове ўдзельнічаць у дзяржаўным сацыяльным страхаванні самазанятым грамадзянам, дзейнасць якіх не адносіцца да прадпрымальніцкай. А індывідуальныя прадпрымальнікі, натарыусы і адвакаты змогуць выплачваць гэтыя ўзносы толькі за перыяд фактычнага ажыццяўлення сваёй дзейнасці з атрыманнем даходу. Таксама ўрэгуляваны пытанні забеспячэння правоў і гарантый у галіне дзяржаўнага сацыяльнага страхавання некаторых іншых катэгорый грамадзян.

Наталля Паўлючэнка параіла пералічаным катэгорыям плацельшчыкаў кіравацца не мінімальнай заработнай платай, каб фарміраваць больш істотную суму для свайго забеспячэння на пенсіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі