Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
12 лістапада 2018, 09:38

Пастаўшчыкам беларускай прадукцыі неабходна больш актыўна выходзіць на кітайскі рынак - Руды

12 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пастаўшчыкам беларускай прадукцыі неабходна больш актыўна выходзіць на кітайскі рынак, заявіў у эфіры тэлеканала "Беларусь 1" у праграме "Галоўны эфір" Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды, паведамляе БЕЛТА.

Паводле слоў дыпламата, цяпер на першы план выходзяць пытанні маркетынгу, заходу ў кітайскія сеткі, стварэння магазінаў беларускіх тавараў. Калі нашы прадпрыемствы рэалізуюць прадукцыю са склада, у канчатковым выніку ў кітайскіх магазінах цана на беларускі тавар узрастае ў 5-8 разоў, на гэтай розніцы зарабляюць пасрэднікі. "Каб дадаць кошт да свайго прадукту і больш зарабіць, трэба даходзіць да канечнага пакупніка, адкрываць тут вытворчасці, свае магазіны, усё гэта паступова трэба пачынаць рабіць, адаптуючы вытворчасць пад густы спажыўцоў. Магазіны беларускіх тавараў у Кітаі ёсць, але іх адкрываюць кітайскія бізнесмены. Пытанне ў тым, што пакуль беларускія пастаўшчыкі прадаюць са склада, а не прыходзяць непасрэдна на кітайскі рынак. У той жа час кітайскія бізнесмены бачаць перспектывы, яны раскручваюць беларускія брэнды, падаюць нашы прадукты як экалагічна чыстыя, самі адкрываюць магазіны пад беларускімі брэндамі. Для нас гэта толькі плюс, але хацелася б, каб больш грошай прыходзіла ў Беларусь", - сказаў Кірыл Руды.

Як адзначыў пасол, перавага Беларусі ў тым, што праз яе тэрыторыю пралягаюць усе чыгункі, якія вядуць з Кітая ў ЕС. "І на адваротным шляху мы можам загружаць гэтыя чыгуначныя кантэйнеры. У нас за апошнія тры гады колькасць кантэйнерных паяздоў вырасла ў 9 разоў, і колькасць саміх кантэйнераў па выніках гэтага года будзе каля 3 тыс. Па выніках 2020 года плануецца давесці іх да 5 тыс. Чыгуначныя перавозкі субсідзіруюцца кітайскімі ўладамі і па кошце транспартных тарыфаў параўноўваюцца з марскімі, але пры гэтым яны хутчэйшыя. У выніку нашы тавары прыходзяць хутчэй чыгункай па тых жа цэнах, што і марскімі перавозкамі - з Аўстраліі або Новай Зеландыі", - звярнуў увагу Кірыл Руды.

Ён падкрэсліў, што кітайскі рынак - самы растучы ў свеце. "Сёння мы параўноўваем ужо кітайскія гарады з еўрапейскімі краінамі. Пекін, умоўна, - гэта як Швецыя па ВУП. Для нас будзе дастаткова аднаго горада або раёна цэлага горада для таго, каб забяспечыць яго нашымі прадуктамі. І калі мы зойдзем сюды, выбудуем стратэгічныя адносіны і нас будуць пазнаваць, то застацца тут можна назаўсёды", - дадаў дыпламат.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі