Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
13 сакавіка 2024, 15:32

Пасяўныя плошчы, падрыхтоўка тэхнікі і капрызнае надвор'е. Як у Беларусі пачынаюцца вясеннія сельгасработы

Набліжаецца сярэдзіна сакавіка, а гэта значыць, што надыходзіць час вясенняй пасяўной кампаніі. І калі ў большасці паўночных раёнаў яшчэ ідзе падрыхтоўка глебы, то ў паўднёвых - сяўба паступова пачынаецца. Паводле прагнозаў, масавыя палявыя работы пачнуць зусім хутка, ці гатовы да гэтага аграрыі? Карэпандэнт БЕЛТА паразмаўляла са спецыялістамі Мінсельгасхарча і Белгідрамета аб тым, колькі і якія культуры будуць засеяны ў бягучым годзе, у якім стане знаходзяцца азімыя збожжавыя, як ідуць справы з тэхнікай і як надвор'е ўплывае на сяўбу.

Як ідуць вясеннія палявыя работы

"Веснавыя палявыя работы пачалі ўжо ва ўсіх рэгіёнах краіны. У прыватнасці, ідзе падрыхтоўка глебы - практычна ўсюды вядзецца падкормліванне азімых. Традыцыйна асноўнымі рэгіёнамі, якія задаюць тэмпы работ, з'яўляюцца Брэсцкая і Гродзенская вобласці, затым ідуць Мінская, Гомельская, Магілёўская і Віцебская", - падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Мікалай Лешык.

Паводле яго слоў, у рэспубліцы падкормлена больш за 19 працэнтаў плошчы азімых збожжавых. У Брэсцкай вобласці гэта лічба складае 44 працэнты, Мінскай - 30 працэнтаў, Гродзенскай - 20 працэнтаў, а ў Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях - каля 5 працэнтаў. Падкормлена 24 працэнты плошчы азімага рапсу, у прыватнасці, па Брэсцкай і Гродзенскай вобласці - па 70 працэнтаў, па астатніх жа абласцях гэта лічба ніжэйшая.

Мікалай Лешык таксама расказаў, што на гэты час тэмпы назапашвання мінеральных угнаенняў крыху ніжэйшыя, чым летась. "У асноўным гэта звязана са зніжэннем накаплення калійных угнаенняў. У мінулым годзе мы больш інтэнсіўна іх назапашвалі і ўносілі. Усяго ж цяпер назапашана больш за 600 тыс. т угнаенняў", - канстатаваў ён.

Якія культуры будуць пасеяны

"Асноўныя пасяўныя плошчы ўжо сфарміраваны. Пры гэтым наша галоўная задача - забяспечыць кармамі жывёлагадоўлю. Для гэтага мы штогод падлічваем рост вытворчасці кармоў. Адзначу, што іх аб'ёмы пастаянна растуць, але не скачкападобна, а планамерна - на 3-5 працэнтаў", - заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення раслінаводства Мінсельгасхарча.

Ён нагадаў, што харчовую бяспеку традыцыйна складаюць збожжа і агароднінная група. Пры гэтым плошчы асноўных сельскагаспадарчых культур з году ў год стабільныя і практычна не змяняюцца.

"Сяўбу ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур плануецца правесці на плошчы амаль 760 тыс. га. Кукурузу на зерне пасеюць на 284 тыс. га, што адпавядае планам мінулага года. Грэчка таксама будзе засеяна на ўзроўні мінулага года - каля 34 тыс. га плошчы, лён-даўгунец - практычна на 49 тыс. га, цукровыя буракі - амаль 102 тыс. га, агародніна - прыкладна 5 тыс. га", - пацвердзіў Мікалай Лешык.

Ён дадаў, што адзіная культура, па якой плошча высеву зменшыцца, - бульба. "Гэта адбылося з-за таго, што на знешніх рынках цяпер няма вялікага попыту на гэту культуру. Вытворчасць бульбы ў Беларусі значна перасягае нашы патрэбнасці. Такім чынам, у буйнатаварных сельскагаспадарчых арганізацыях у гэтым годзе бульба будзе пасаджана прыкладна на 18 тыс. га плошчы", - падзяліўся планамі спецыяліст.


Стан азімых

Паводле слоў начальніка галоўнага ўпраўлення раслінаводства Мінсельгасхарча, азімыя збожжавыя восенню 2023 года былі пасеяны практычна на ўзроўні папярэдняга перыяду.

"Зімоўка азімых культур на зерне праходзіла даволі спакойна. Іх стан ацэньваецца як добры, а гібель павінна быць невялікай - па асобных культурах у межах 5-7 працэнтаў. Усяго ж сяўба азімых збожжавых культур праведзена на 1,5 млн га плошчы. У разрэзе культур былі павялічаны плошчы азімага ячменю да 275 тыс. га. Стан названай культуры ацэньваецца як здавальняючы і вялікіх плошчаў гібелі не чакаецца", - звярнуў увагу Мікалай Лешык.

Як адзначыў спецыяліст, азімымі крыжакветнымі на зерне было засеяна больш за 420 тыс. га плошчы. "Пры ўмове захаванасці гэта будзе значны плюс да мінулага года. Аднак стан азімага рапсу пакуль не дазваляе зрабіць канчатковых высноў. Так, пасля надыходу ўстойлівай станоўчай тэмпературы будзе дадзена канчатковая ацэнка і зроблены далейшыя высновы па выкарыстанні пасеваў, якія захаваліся, перасяванні некаторых плошчаў", - сказаў ён.

Планы на масавую сяўбу

"Звычайна інтэнсіўныя работы на палях пачынаюцца пасля таго, як пройдуць веснавыя дажджы. Пасля гэтага глебавыя працэсы адносна стабілізуюцца. Тэмпературы ў другой палавіне сакавіка будуць расці, вялікіх перападаў у начны і дзённы час ужо не будзе. Тады і можна будзе пачынаць масавую сяўбу", - рэзюмаваў начальнік галоўнага ўпраўлення раслінаводства Мінсельгасхарчу.


Колькі тэхнікі будзе задзейнічана ў пасяўной кампаніі

Паводле слоў начальніка галоўнага ўпраўлення тэхнічнага прагрэсу і энергетыкі, дзяржаўнага нагляду за тэхнічным станам машын і абсталявання Мінсельгасхарча Станіслава Карповіча, для правядзення веснавых палявых работ у 2024 годзе ў сельскагаспадарчых арганізацыях плануецца задзейнічаць каля 80 тыс. адзінак тэхнікі і абсталявання.

"З тэхнікі будзе задзейнічана 34,6 тыс. трактароў, з іх 6,9 тыс. энерганасычаных, 4,9 тыс. глебаапрацоўчых і глебаапрацоўча-пасяўных агрэгатаў, 8 тыс. машын для ўнясення цвёрдых мінеральных і арганічных угнаенняў, 1,8 тыс. збожжавых сеялак, 2,6 тыс. сеялак для цукровых буракоў і кукурузы, а таксама іншая неабходная тэхніка і абсталяванне", - расказаў спецыяліст.

Па стане на 7 сакавіка 2024 года ў сельскагаспадарчых арганізацыях рэспублікі забяспечана гатоўнасць тэхнікі да правядзення веснавых палявых работ на ўзроўні 92 працэнты, у тым ліку ў Брэсцкай вобласці - 95 працэнтаў, Віцебскай - 91 працэнт, Гомельскай - 89 працэнтаў, Гродзенскай - 96 працэнтаў, Мінскай - 89 працэнтаў, Магілёўскай - 90 працэнтаў.

Станіслаў Карповіч запэўніў, што прыняты неабходныя арганізацыйныя меры, якія даюць магчымасць завяршыць падрыхтоўку тэхнікі да 25 сакавіка.

Абнаўленне машыннага парку

"Адзначу, што ў 2023 годзе на закупку тэхнікі было накіравана Br1,85 млрд. Гэта дало магчымасць набыць звыш 9,8 тыс. адзінак тэхнікі, у прыватнасці 1,6 тыс. трактароў (абнаўленне парку склала 4,5 працэнта), 829 збожжаўборачных камбайнаў (10,8 працэнта), 134 кормаўборачныя камбайны (3,9 працэнта) і іншую неабходную тэхніку", - заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення тэхнічнага прагрэсу і энергетыкі, дзяржаўнага нагляду за тэхнічным станам машын і абсталявання Мінсельгасхарча.

Ён дадаў, што ў бягучым годзе на закупку тэхнікі ўжо знойдзены крыніцы фінансавання ў аб'ёме каля Br1 млрд. Пад гэтыя крыніцы Мінсельгасхарчам сумесна з аблвыканкамамі і Мінпрамам сфарміраваны планы закупкі тэхнікі па аб'ёмах і наменклатуры.

"У першачарговым парадку плануецца закупка самаходнай тэхнікі: энерганасычаных трактароў, камбайнаў, грузавых аўтамабіляў, пагрузчыкаў. Асноўным інструментам закупкі тэхнікі застаецца набыццё яе на ўмовах фінансавай арэнды (лізінгу) у рамках Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 красавіка 2015 г. нумар 146", - звярнуў увагу Станіслаў Карповіч.

Як надвор'е ўплывае на пасяўную кампанію

Начальнік аддзела аграметэаралогіі Белгідрамета Алег Клінцэвіч расказаў, што паніжэнне тэмпературнага рэжыму на тэрыторыі Беларусі стрымлівае праграванне глебы і пачатак сяўбы ранніх яравых культур.

"З-за адмоўных начных тэмператур адзначаецца падмярзанне верхняга слоя глебы. Паводле даных апошніх назіранняў, сярэдняя тэмпература глебы на глыбіні 10 см складае плюс 1-3 градусы, толькі месцамі ў Брэсцкай вобласці - плюс 4 градусы. Перавага сонечнага надвор'я і дэфіцыт ападкаў у пачатку вясны прыводзяць да страты глебавай вільгаці. У сувязі з гэтым вельмі важна пры апрацоўцы глебы прымяненне вільгацезберагальных тэхналогій, правядзенне агратэхнічных мерапрыемстваў па закрыцці глебавай вільгаці", - канстатаваў спецыяліст.

Паводле яго слоў, у бліжэйшы час з-за адсутнасці ўстойлівага цяпла аграметэаралагічная абстаноўка істотна не палепшыцца.

"Тэмпература глебы на большай тэрыторыі рэспублікі застанецца паніжанай, у начны час у многіх раёнах верхні слой па-ранейшаму будзе падмярзаць. Некаторая актывізацыя вясенніх працэсаў, у асноўным за кошт дзённага прагрэву паветра, чакаецца ў другой палавіне сакавіка ў першую чаргу ў паўднёвых абласцях і на захадзе рэспублікі. Гэта дасць магчымасць павялічыць тэмпы палявых сельскагаспадарчых работ", - сказаў на заканчэнне Алег Клінцэвіч.

БЕЛТА.-0-
 
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі