
Пётр Пархомчык
28 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Брэсцкай вобласці высадзілі больш бульбы і іншай агародніны, каб забяспечыць стабфонды і пазбегнуць у будучым праблем з няхваткай тых ці іншых культур, як гэта адбылося бягучай вясной. Аб гэтым паведаміў журналістам старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык па выніках даклада Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік рэгіёна адзначыў, што ёсць некаторая насцярожанасць з-за замаразкаў, якія прайшлі па Брэсцкай вобласці некалькімі хвалямі і ўнеслі сур'ёзныя карэктывы ў работу аграрыяў. Паводле яго слоў, частка ўраджаю загінула, але невялікая - на 28,7 тыс. га, або 3 працэнты ад агульных пасяўных плошчаў. "За лічаныя дні гэтыя плошчы будуць перасеяны кукурузай на зерне", - сказаў ён.
Акрамя таго, замаразкі негатыўна паўплываюць на ўраджай яблыкаў і іншых садовых культур. Тут страты могуць скласці да 30 працэнтаў. Таму старшыня аблвыканкама звярнуўся да кіраўніка дзяржавы з просьбай знайсці спосабы падтрымкі фермераў, якія ў асноўным працуюць у напрамку садоўніцтва і панясуць некаторыя страты.
"У любым выпадку, паводле нашых разлікаў, мы будзем з яблыкамі і забяспечым і Брэсцкую вобласць, і Мінск", - запэўніў Пётр Пархомчык. Ён упэўнены, што з улікам нават 30 працэнтаў патэнцыяльных страт ва ўраджаі яблыкаў, астатніх 70 працэнтаў будзе дастаткова, каб забяспечыць патрэбнасці сталіцы і рэгіёна.
Больш уважліва ў гэтым годзе ў Брэсцкай вобласці падыдуць да фарміравання стабілізацыйных фондаў. Беручы пад увагу дэфіцыт некаторай агародніны вясной бягучага года, у вобласці вырашылі павялічыць плошчы пад бульбу (у 1,5 раза), капусту (у 1,7 раза), цыбулю і буракі. "Закладзём (у стабфонды. - Заўвага БЕЛТА), колькі трэба для таго, каб такіх праблем у наступным годзе не ўзнікала", - запэўніў Пётр Пархомчык.-0-