Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
14 лютага 2024, 16:02

Пархомчык: сярод ключавых задач, якія стаяць перад "Белшынай", - работа ў галіне імпартазамяшчэння

Фота газеты "Шинник"
Фота газеты "Шинник"
14 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У ліку першачарговых задач, якія стаяць перад ААТ "Белшына", - работа ў галіне імпартазамяшчэння. Аб гэтым сказаў намеснік прэм'ер-міністра Пётр Пархомчык у час паездкі ў Бабруйск, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Віцэ-прэм'ер азнаёміўся са станам спраў у ААТ "Белшына", наведаў вытворчыя пляцоўкі завода звышбуйнагабарытных шын, а таксама правёў нараду з удзелам кіраўніцтва канцэрна "Белнафтахім" і прадпрыемства. Паводле яго слоў, у ліку першачарговых задач ААТ "Белшына" - работа ў галіне імпартазамяшчэння. "У гэтым плане прадпрыемства супрацоўнічае з флагманамі беларускай прамысловасці - БЕЛАЗ, МАЗ, МТЗ, "Гомсельмаш" і, адпаведна, канцэнтруе намаганні на абнаўленні асартыменту прадукцыі, імкнучыся аператыўна рэагаваць на патрабаванні заказчыкаў. Такім чынам, шынныя прадукты ствараюцца ў адпаведнасці з пашырэннем таварных партфеляў дзелавых партнёраў. У той жа час праграма імпартазамяшчэння ААТ "Белшына" ўлічвае як уласныя эканамічныя інтарэсы прадпрыемства, так і камплектуючыя вытворцаў", - сказаў намеснік прэм'ер-міністра.

Начальнік навукова-вытворчага цэнтра ААТ "Белшына" Сяргей Каюшнікаў адзначыў, што распрацоўка і пастаноўка шыны на вытворчасць - даволі доўгі і працаёмкі працэс, які патрабуе даследаванняў з навуковага пункту гледжання, а таксама задзейнічання вялікага кола спецыялістаў і лабараторнага абсталявання. "У шыне - каля 20-30 гумавых сумесей, кожная рэцэптура ў сваю чаргу ўключае да 18 кампанентаў, і ў кожнага вытворцы, у тым ліку ў "Белшыны", яна свая", - падкрэсліў ён.

На дапамогу бабруйскім шыннікам прыходзяць навуковыя кадры з Нацыянальнай акадэміі навук, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і даўняга дзелавога партнёра прадпрыемства - Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. З адкрыццём на базе ААТ "Белшына" галіновай лабараторыі шыннай прамысловасці і закупкай для яе ўнікальнага абсталявання большасць сумесных навуковых работ атрымала новы імпульс. У прыватнасці, распрацоўкі работнікаў вытворчасці і вучоных, выкананыя за апошнія год-два, дазволілі паставіць на вытворчасць шыны са зніжаным каэфіцыентам супраціўлення качэння, павышаным счапленнем на мокрай дарозе і палепшанай хадзімасцю. У планах - удасканаленне ранейшых і выпуск новых тыпапамераў сельскагаспадарчых шын, а таксама павышэнне эксплуатацыйных характарыстык звышбуйнагабарытных шын.

"На нарадзе абазначаны пералік першачарговых для вырашэння пытанняў, - адзначыў першы намеснік генеральнага дырэктара - галоўны інжынер ААТ "Белшына" Уладзімір Чарток. - У прыватнасці, акцэнт мы цяпер робім на павышэнні хадзімасці звышбуйнагабарытных шын. Акрамя таго, трэба будзе прадоўжыць аснашчэнне галіновай лабараторыі неабходным абсталяваннем. Павышаныя патрабаванні, што прад'яўляюцца да якасці выпускаемай прадукцыі, новыя тэхналогіі вытворчасці, складанасці прымяняемага абсталявання - усё гэта выклікае неабходнасць вырашэння мноства інжынерных задач. Але на "Белшыне" працуе нямала людзей, здольных эфектыўна спраўляцца з праблемамі. Яны не толькі генерыруюць ідэі, але і імкнуцца атрымаць вынік ад іх ажыццяўлення".

Як адзначалася на нарадзе, для пашырэння прысутнасці ў сегменце шыннай прадукцыі і нарошчвання аб'ёмаў яе выпуску "Белшына" прадоўжыць мадэрнізацыю вытворчых баз на сваіх заводах.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі