ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Аўторак, 5 снежня 2023
Мінск -7°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
22 верасня 2023, 17:27

Пархомчык: прадпрыемствы Мінпрама пачалі новы інвестыцыйны цыкл развіцця

22 верасня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі закладзены новы інвестыцыйны цыкл развіцця прамысловасці. Аб гэтым журналістам на свяце з нагоды Дня машынабудаўніка ў Віцебску заявіў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Пётр Пархомчык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Міністэрства прамысловасці ўжо не першы год з'яўляецца драйверам развіцця эканомікі Беларусі. Трэці год яны (прадпрыемствы галіны. - Заўвага БЕЛТА) не проста здзіўляюць урад краіны, але і самі радуюцца дасягнутым поспехам. Тэмпы росту аб'ёмаў вытворчасці прадпрыемстваў Мінпрама за 2021-2023 гады выраслі ў 1,4 раза, экспарт за названы перыяд - у 1,7 раза. Гэта толькі за тры гады работы. Значыць, усе задачы, якія ставіў Усебеларускі народны сход, Міністэрствам прамысловасці і прадпрыемствамі Мінпрама выкананы па выніках работы за тры гады", - сказаў намеснік прэм'ер-міністра, наведваючы выстаўку прадукцыі прадпрыемстваў галіны.

Ён зрабіў акцэнт на развіцці прадпрыемстваў сферы, у прыватнасці на інвестыцыйнай палітыцы, якая праводзіцца профільным ведамствам. "Гэта вельмі важны элемент, і самае галоўнае, што пачаты новы інвестыцыйны цыкл развіцця прамысловасці: 65 інвестыцыйных планаў распрацавана Міністэрствам прамысловасці. Сума гэтых інвестыцый - у межах Br6 млрд. Прытым стаіць вельмі сур'ёзная задача перад Міністэрствам прамысловасці і прадпрыемствамі, каб гэту работу выканаць за самы кароткі тэрмін. Мы ім гаворым: за чатыры, а наогул патрабуем, каб гэта было зроблена за бліжэйшыя тры гады. І самае галоўнае, што ўрад адшукаў рэсурсы - грашовыя сродкі, каб рэалізаваць такія інвестыцыйныя планы. Гэтыя планы і паслужаць далейшым вітком развіцця нашай прамысловасці ў наступную пяцігодку", - рэзюмаваў Пётр Пархомчык.

Паводле яго слоў, удзельная вага інавацыйнай прадукцыі заўсёды знаходзіцца на ўзроўні крыху большым за 40 працэнтаў.

Цэнтр Віцебска на некалькі дзён стаў інавацыйнай пляцоўкай Мінпрама. Раніцай 22 верасня на плошчы Свабоды адкрылася выстаўка прадукцыі - навінкі беларускага машынабудавання прадстаўляюць амаль два дзясяткі прадпрыемстваў галіны. Тут жа можна ўбачыць распрацоўкі паўночнага рэгіёна - "Віцебскіх пад'ёмнікаў" і "Палімерканструкцыі". Выстаўка будзе працаваць у суботу (да 19.00) і нядзелю (да 16.00).

Яшчэ дзве лакацыі рэспубліканскага свята - канцэртная зала "Віцебск" і адкрытая пляцоўка побач з ёй. Акрамя афіцыйнай часткі, запланавана культурна-забаўляльная. Пад адкрытым небам выступяць творчыя калектывы арганізацый Мінпрама. Святочная праграма прадоўжыцца да позняй ночы: вечарам тут таксама выступяць групы і салісты, дзяцей чакаюць анімацыйныя праграмы, шоу робатаў-трансформераў, а ўсіх гледачоў - розыгрыш прызоў. На заканчэнне свята сёння неба над Віцебскам расквеціць феерверк, які перадасць эстафету дыскатэцы са светлавым шоу і брэйкінгам.

У холе канцэртнай залы пераможцы галіновых конкурсаў прадставяць лепшыя дзіцячыя малюнкі на тэму "Я буду машынабудаўніком", а таксама кандытарскія вырабы вытворчасці арганізацый сферы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі