Сцяг Нядзеля, 16 чэрвеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 мая 2024, 16:38

Пархомчык аб супрацоўніцтве з Новасібірскай вобласцю: бачым перспектывы ў станкабудаванні і мікраэлектроніцы

23 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь доўгі час супрацоўнічае з Новасібірскай вобласцю ў станкабудаванні і мікраэлектроніцы і бачыць перспектывы. Аб гэтым намеснік прэм'ер-міністра Пётр Пархомчык расказаў карэспандэнту БЕЛТА ў час наведвання БЕЛАЗа дэлегацыяй Новасібірскай вобласці.

Сёння, 23 мая, з рабочым візітам у Беларусь прыбыла дэлегацыя Новасібірскай вобласці на чале з губернатарам Андрэем Траўнікавым. У праграме візіту наведванне буйнейшых беларускіх машынабудаўнічых прадпрыемстваў "БЕЛДЖЫ" і БЕЛАЗ, дзе гасцей азнаёмілі з дасягненнямі беларускай машынабудаўнічай галіны і распавялі ім аб магчымасцях паставак і перспектывах супрацоўніцтва.
 

"Паміж Беларуссю і Новасібірскай вобласцю заўсёды складваліся добрыя адносіны, прычым не адзін дзясятак гадоў. Вельмі важна, што ў нас выбудавана моцная прамысловая кааперацыя. Мы выкарыстоўваем іх кампаненты для вытворчасці БелАЗаў і іншай беларускай тэхнікі, уключаючы пасажырскі транспарт. Расейцы ў сваю чаргу купляюць у нас гэтую тэхніку. У стадыі абмеркавання пастаўка беларускіх кар'ерных самазвалаў у Новасібірскую вобласць на 2025-2026 гады. Дарэчы, буйныя закупкі гэтага віду тэхнікі Новасібірская вобласць правяла ў 2022-2023 гадах", - заўважыў віцэ-прэм'ер Пётр Пархомчык.

З Новасібірскай вобласцю Беларусь таксама ўзаемадзейнічае ў станкабудаванні і мікраэлектроніцы. Пётр Пархомчык падкрэсліў, што былі завязаны шчыльныя кантакты, распрацаваны і зацверджаны дарожныя карты, якія дазваляюць здабываць эканамічную карысць як Беларусі, так і Расіі.

"Апошнім часам мы бачым прагрэс у частцы пастаўкі легкавога транспарту. Нездарма сёння дэлегацыя Новасібірскай вобласці наведала "БЕЛДЖЫ". Губернатар даў станоўчую ацэнку і праявіў сур'ёзную настойлівасць і зацікаўленасць у частцы лакалізацыі пэўных кампанентаў, якія можна выкарыстоўваць у вытворчасці легкавых аўтамабіляў", - дадаў Пётр Пархомчык.

У стадыі абмеркавання, паводле слоў намесніка прэм'ер-міністра, пытанні паставак у Новасібірскую вобласць пасажырскага транспарту беларускай вытворчасці. Актуальнымі застаюцца пытанні, звязаныя з унутранай кааперацыяй і вытворчасцю пэўных кампанентаў, неабходных для беларускіх прамысловых прадпрыемстваў.

Цяжкай прамысловасцю, аднак, супрацоўніцтва Беларусі з Новасібірскай вобласцю не абмяжоўваецца. Як удакладніў Пётр Пархомчык, расійскі рэгіён закупляе вялікую колькасць беларускага малака і прадуктаў на яго аснове, што з'яўляецца важкай часткай узаемнага тавараабароту.  

"Кола пытанняў шырокае, кропак росту вялікая колькасць. Дружба паміж Беларуссю і Новасібірскай вобласцю складваецца не адно дзесяцігоддзе, што дае падставу разлічваць на будучыя высокія вынікі", - рэзюмаваў Пётр Пархомчык.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі