Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 красавіка 2020, 12:21

Новыя правілы па мікрапазыках у Беларусі будуць дзейнічаць з 27 красавіка

23 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі з 27 красавіка ўступае ў сілу ўказ ад 23 кастрычніка 2019 года нумар 394 "Аб прадастаўленні і прыцягненні пазык", паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка.

Указ прыняты для ўдасканалення дзейнасці па рэгулярным прадастаўленні і прыцягненні пазык, а таксама для таго, каб узмацніць абарону правоў кліентаў мікрафінансавых арганізацый.

Для зніжэння даўгавой нагрузкі на кліентаў мікрафінансавых арганізацый абмежаваны сумы працэнтаў і няўстойкі, якія могуць быць налічаны па дагаворах мікрапазык. Працэнты за ўвесь тэрмін карыстання мікрапазыкай не могуць перавышаць яе двухразовай сумы. Штраф або пеня не можа быць вышэй за палавіну сумы прадастаўленай мікрапазыкі.

Зменены падыходы да фарміравання статутнага фонду ламбарда (ён павінен быць не меншы за мiнiмальны памер статутнага фонду, вызначанага Нацыянальным банкам). Гэта дасць магчымасць палепшыць фінансавае становішча ламбардаў і павысіць узровень адказнасці іх заснавальнікаў, лічыць рэгулятар.

Пры гэтым пашыраны пералік відаў дзейнасці, якімі змогуць займацца ламбарды. Напрыклад, прадастаўляць мікрапазыкі пад залог транспарту без абавязку перадачы прадмета залогу ламбарду, займацца камісійным гандлем, захоўваннем рэчаў.

Устаноўлены патрабаванні да рэкламы пазык і мікрапазык. У ёй павінна быць поўная і дакладная інфармацыя аб рэкламадаўцах і рэкламуемай дзейнасці. Гэта патрабаванне распаўсюджваецца як на арганізацыі, уключаныя ў рэестр мікрафінансавых арганізацый, так і на любыя суб'екты, якія прадастаўляюць грашовыя сродкі ў пазыку, звярнулі ўвагу ў Нацбанку.

У адпаведнасці з новаўвядзеннямі, членамі спажывецкіх кааператываў фінансавай узаемадапамогі (для атрымання фінансавання) змогуць стаць фізічныя асобы, якія займаюцца вытворчасцю сельгаспрадукцыі, відамі дзейнасці, пры якіх выплачваецца адзіны падатак, а таксама суб'екты малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

Пасля ўступлення ў сілу змяненняў прадастаўляць мікрапазыкі пад залог рухомай маёмасці змогуць дзяржаўныя юрыдычныя асобы, якія не з'яўляюцца мікрафінансавымі арганізацыямі, аказваюць бытавыя паслугі насельніцтву і зарэгістраваны ў сельскай мясцовасці, а таксама юрыдычныя асобы, якія скупляюць каштоўныя металы і камяні для папаўнення Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў і каштоўных камянёў.

З 27 красавіка некамерцыйныя мікрафінансавых арганізацыі, створаныя ў арганізацыйна-прававой форме фонду, страчваюць права рэгулярна прадастаўляць мікрапазыкі. Пры гэтым суб'екты малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, у тым ліку ІП, якія раней былі пазычальнікамі фондаў, змогуць атрымліваць мікрапазыкі ад спажывецкіх кааператываў фінансавай узаемадапамогі.

Акрамя таго, для выключэння нядобрасумленных практык прадастаўлення грашовых сродкаў абмяжоўваецца спектр рэчаў, якія могуць быць прадметам лізінгу па дагаворах зваротнага лізінгу, што заключаюцца з фізічнымі асобамі. З 27 красавіка такім прадметам змогуць выступаць толькі транспарт і жылыя памяшканні. Раней нараканні выклікалі здзелкі па прадастаўленні грамадзянам грашовых сродкаў пад высокія працэнты, што афармляюцца ў выглядзе зваротнага лізінгу мабільных тэлефонаў і камп'ютарнай тэхнікі.

У адпаведнасці з Палажэннем аб парадку ажыццяўлення мікрафінансавай дзейнасці, зацверджаным указам нумар 394, у кожнай мікрафінансавай арганізацыі павінен быць свой сайт, адрас якога будзе адлюстроўвацца ў рэестры мікрафінансавых арганізацый (размяшчаецца на афіцыйным сайце Нацбанка).

"Указ нумар 394, а таксама прынятыя ў яго развіццё нарматыўныя прававыя акты Нацбанка, будуць садзейнічаць далейшаму гарманічнаму развіццю рынку мікрафінансавання шляхам пашырэння спектра паслуг, што аказваюцца мікрафінансавымі арганізацыямі, кола спажыўцоў такіх паслуг, аптымізацыі рэгулятарнай нагрузкі на гэтыя арганізацыі, узмацнення адказнасці іх уласнікаў, а таксама ўдасканалення падыходаў да абароны правоў і законных інтарэсаў спажыўцоў такіх паслуг", - рэзюмавалі ў Нацбанку.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі