Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
16 сакавіка 2021, 14:48

Новы сэрвісны цэнтр ММЗ з'явіцца ў Брэсцкай вобласці

16 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінскага маторнага завода з'явіцца новы сэрвісны цэнтр па абслугоўванні рухавікоў, якія працуюць у складзе тэхнікі, на базе Бярозаўскага маторарамонтнага завода (Брэсцкая вобласць). Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе ММЗ.

"На Бярозаўскім маторарамонтным заводзе створаны ўсе тэхнічныя ўмовы для рамонту і абслугоўвання рухавікоў: стэнды для выпрабаванняў, зборкі і разборкі матораў, аўтамабілі для арганізацыі выезду брыгад на месцы, персанал, які разумее асаблівасці работы з гарантыйнай прадукцыяй", - падкрэслілі ў прэс-службе.

Мінскі маторны завод дадаткова правядзе навучанне бярозаўскіх спецыялістаў, каб яны на належным высокім узроўні маглі аказваць спажыўцам поўны комплекс паслуг аднаўленча-рамонтных работ.

Цяпер на тэрыторыі Беларусі дзейнічаюць 40 сэрвісных цэнтраў прадпрыемства. "Цэнтры ёсць у кожнай вобласці. Шчыльнасць іх размеркавання залежыць ад колькасці тэхнікі з мінскімі рухавікамі, якая працуе на гэтай тэрыторыі. Больш за ўсё сэрвісных цэнтраў ММЗ у Віцебскай вобласці - сем", - адзначылі ў ММЗ.

Базавыя прынцыпы супрацоўніцтва з усімі цэнтрамі аднолькавыя: абавязковая наяўнасць пэўных набораў запчастак для аператыўнага аднаўлення рухавікоў. Рамонт часцей за ўсё праводзіцца з выездам спецыялістаў на месцы. Акрамя таго, вядзецца абслугоўванне ўсёй тэхнікі з рухавікамі ММЗ, што з'яўляецца запатрабаванай паслугай у перыяд палявых работ і высокай запатрабаванасці сельскагаспадарчай тэхнікі, якая працуе ў кругласутачным рэжыме.

"У бягучым годзе ў перыяд сезона актыўных сельскагаспадарчых работ на палях рэспублікі будзе задзейнічана больш за 26 тыс. адзінак тэхнікі з гарантыйнымі рухавікамі Мінскага маторнага завода", - дадалі ў прэс-службе.

Мінскі маторны завод - вытворца сучасных дызельных, газадызельных, газапоршневых рухавікоў. Спецыялізуецца на распрацоўцы, праектаванні і вырабе сучасных трох-, чатырох-, шасці- і васьміцыліндравых рухавікоў. На заводзе выпускаецца больш за 100 мадыфікацый рухавікоў у дыяпазоне магутнасцей ад 7 да 330 кВт, прызначаных для ўстаноўкі на сельскагаспадарчую, дарожна-будаўнічую і лесаўборачную тэхніку, аўтамабілі і аўтобусы, энергаўстаноўкі, кампрэсары і іншыя агрэгаты. Рухавікі ММЗ пастаўляюцца на канвееры 49 прадпрыемстваў у Беларусі, краінах СНД і далёкага замежжа, прадукцыя прадаецца ў больш як 50 краін Еўропы, Азіі, Афрыкі, Паўночнай і Лацінскай Амерыкі. Пры вытворчасці рухавікоў выкарыстоўваюцца камплектуючыя сусветна вядомых кампаній.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі