Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
10 чэрвеня 2020, 10:49

Новы рэзідэнт СЭЗ "Брэст" мае намер інвесціраваць у вытворчасць мэблі больш за 25 млн еўра

10 чэрвеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У свабоднай эканамічнай зоне "Брэст" зарэгістраваны новы суб'ект гаспадарання - ТАА "Паліполь Мэбля Бел", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў адміністрацыі СЭЗ.

Новы рэзідэнт уваходзіць у склад нямецкага холдынга Polipol - вядомага на еўрапейскім рынку вытворца мяккай мэблі. Для пашырэння бізнесу кампанія мае намер выкарыстоўваць прамысловую пляцоўку ў Івацэвічах, якая ў красавіку гэтага года была ўключана ў склад СЭЗ. На ўчастку плошчай 24,5 га плануецца ўзвесці цэх па вырабе мяккай мэблі і іншыя аб'екты, што забяспечваюць вытворчы працэс.

Згодна з бізнес-планам, рэалізацыя праекта разлічана на шэсць гадоў. За гэты час кампанія мае намер інвесціраваць у мэблевую вытворчасць звыш 25 млн еўра і стварыць больш за 1 тыс. рабочых месцаў. Пры гэтым 90 працэнтаў прадукцыі будзе экспартавацца.

ТАА "Паліполь Мэбля Бел" стала трэцім суб'ектам гаспадарання СЭЗ "Брэст", зарэгістраваным з пачатку года. Цяпер на тэрыторыі свабоднай эканамічнай зоны працуюць 73 рэзідэнты, у тым ліку шэсць кампаній з нямецкім капіталам. Прадпрымальнікі з Германіі займаюць першае месца па ўзроўні інвестыцый: іх доля складае больш за 33 працэнты ад агульнага аб'ёму.

Кампанія Polipol Produktions Verwaltungs GmbH вытворчасцю і рэалізацыяй мяккай мэблі займаецца на працягу 30 гадоў. Мэблевыя фабрыкі Polipol размешчаны ў Германіі і на тэрыторыях іншых еўрапейскіх краін. Цяпер у нямецкі холдынг уваходзяць 10 прадпрыемстваў, на якіх працуюць больш за 7 тыс. чалавек.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі