Сцяг Аўторак, 30 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
04 красавіка 2024, 15:19

Новы кіраўнік Банка развіцця: мы павінны падставіць плячо дзелавым ініцыятывам

Сяргей Сталярчук
Сяргей Сталярчук
4 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Падставіць плячо дзелавым ініцыятывам, якія ідуць ад бізнесу, рэгіёнаў, рэальнага сектара эканомікі, - у гэтым заключаецца асноўная місія Банка развіцця. Аб гэтым заявіў журналістам Сяргей Сталярчук, які сёння ўзгоднены Прэзідэнтам Беларусі на пасаду старшыні праўлення ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Банк развіцця сёння - гэта 40 працэнтаў усіх доўгатэрміновых крэдытаў у краіне, выдадзеных у беларускіх рублях. Гэта ў першую чаргу падтрымка рэальнага сектара эканомікі, экспарту, малога і сярэдняга бізнесу", - адзначыў ён.

"У апошнія гады створаны дзве даччыныя кампаніі - Агенцтва знешнеэканамічнай дзейнасці і Агенцтва сэрвісізацыі і рэінжынірынгу, - паведаміў старшыня. - Гэта два новыя напрамкі для банка. Адзін напрамак - гэта аўтаматызацыя і лічбавізацыя дзяржаўных працэдур, лічбавізацыя аховы здароўя, гэта ў тым ліку маніторынг цэн. Іншы напрамак (Агенцтва знешнеэканамічнай дзейнасці) - садзейнічанне пашырэнню беларускіх тавараў на далёкія рынкі. І, што асабліва актуальна, на рынкі далёкай дугі".

Сяргей Сталярчук таксама растлумачыў: "Мы ні ў якім выпадку не канкурыруем з камерцыйнымі банкамі, мы іх дапаўняем тым, што бачым перспектывы ў развіцці тых ці іншых галін, якія ствараюць дадатковы эфект у будучым, праз 5, 10 гадоў. Менавіта ў гэтым заключаецца наша місія. Камерцыйныя банкі займаюцца класічным крэдытаваннем. Яны падтрымліваюць прадпрыемствы і галіны сваёй штодзённай дзейнасцю".

"Што датычыцца доўгатэрміновых, капіталаёмістых праектаў, якія, магчыма, зведваюць цяпер больш рызык, то гэта роля Банка развіцця. Мы павінны падставіць плячо тым дзелавым ініцыятывам, якія ідуць ад бізнесу, ад рэгіёнаў, ад рэальнага сектара эканомікі. Гэта значыць трэба рабіць сёння і не адкладваць гэта на заўтра", - падкрэсліў ён.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі