Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
17 лістапада 2022, 15:43

Новую лінію па выпуску плітачнага шакаладу запусцяць на "Спартаку" ў 2023 годзе

17 лістапада, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Перспектывы развіцця СП ААТ "Спартак", укараненне новай тэхналагічнай лініі, выпуск імпартазамяшчальнай прадукцыі - гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўвалі 17 лістапада пры наведванні кандытарскай фабрыкі намеснік прэм'ер-міністра Леанід Заяц, старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко і старшыня канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Алег Жыдкоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як было адзначана, у наступным годзе на прадпрыемстве плануюць увесці комплексную тэхналагічную лінію па вытворчасці плітачнага шакаладу з дробнымі ўкрапінамі (цукатаў, сублімаваных фруктаў, драблёных арэхаў) таўшчынёй да 5 мм. Магутнасць лініі складае 1500 кг/гадз. Камплект абсталявання ўжо дастаўлены на прадпрыемства. Пачаліся шэфмантажныя работы.

"Думаю, шакалад, які будзе выпушчаны на гэтай лініі, парадуе пакупніка", - адзначыла генеральны дырэктар Таццяна Лісіцына. Яна дадала, што ў гэтым годзе на "Спартаку" распрацавалі больш за 20 найменняў новых прадуктаў, якія ў тым ліку з'яўляюцца імпартазамяшчальнымі.

У цэлым за 9 месяцаў гэтага года на фабрыцы атрымалі 17 415 т кандытарскіх вырабаў. Гэта на 1642 т больш за ўзровень 2021-га. Павялічваецца рэалізацыя.

Экспартныя пастаўкі склаліся на ўзроўні мінулага года, расказала гендырэктар. Усе праблемныя моманты, якія ўзнікаюць, вырашаюцца. "У грашовым выражэнні па экспарце тэмп росту большы за 125 працэнтаў", - удакладніла кіраўнік.

Прапрацоўваюць на прадпрыемстве і новыя рынкі. "У нас новы кантракт з Грэцыяй. Ёсць пашырэнне па рынках - Казахстан, Азербайджан і іншыя", - дадала Таццяна Лісіцына.

Цяпер на фабрыцы ідзе расфасоўка навагодніх падарункаў. "Прыцягнуты дадаткова больш за 100 работнікаў. Ужо выраблена 650 тыс. падарункаў. Мільён, думаю, будзе дасягнуты да канца года", - падзялілася планамі гендырэктар.

Леанід Заяц высока ацаніў работу прадпрыемства. Ён таксама адрасаваў работнікам кандытарскай фабрыкі найлепшыя віншаванні з Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі