Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
15 жніўня 2022, 13:22

Новае абсталяванне і старыя рынкі. Ладуцька расказаў, як ідзе мадэрнізацыя мотавелазавода

15 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мадэрнізацыя вытворчых магутнасцей у ТАА "Мінскі МотаВелаЗавод" завершыцца да канца 2023 года. Аб гэтым і аб тым, як ідуць работы і складваецца ў цэлым сітуацыя на прадпрыемстве, карэспандэнту БЕЛТА расказаў дырэктар завода Мікалай Ладуцька.

"Калі браць каляндарны год, які прайшоў з моманту прыняцця распараджэння Прэзідэнта (аб развіцці вытворчых тэрыторый мотавелазавода ў ліпені 2021 года. - Заўвага БЕЛТА), то зроблена даволі шмат, - канстатаваў кіраўнік прадпрыемства. - За год кіраўніцтвам Мінгарвыканкама і Мінскага гарадскога тэхнапарка выпрацавана канцэпцыя асваення тэрыторыі, пачаліся шырокамаштабныя будаўніча-мантажныя работы". На правядзенне мадэрнізацыі ў адпаведнасці з распараджэннем кіраўніка дзяржавы вызначаны тэрмін на працягу 2022-2026 гадоў.

У выніку мотавелазавод будзе займаць толькі 10 працэнтаў ад усёй вялізнай, на 200 тыс. кв.м тэрыторыі. "Гэта вельмі нармальна, правільна, сучасна, - лічыць Мікалай Ладуцька. - Цяпер патрэбна кампактнае сучаснае прадпрыемства, якое будзе забяспечваць фінішны цыкл, а гэта дробнавузлавая зборка прадукцыі".

Корпус, дзе размяшчаюцца магутнасці мотавелазавода, цяпер актыўна мадэрнізуецца. На працягу восені тут будуць завершаны дахавыя работы. "Мы ў рамках сваёй кампетэнцыі арганізавалі правядзенне тэндараў пад выдзеленыя сродкі, вызначылі пастаўшчыкоў на 50 працэнтаў абсталявання. Да канца года будзем праводзіць наступны этап тэндараў на закупку. Абсталяванне пачне паступаць да канца года. У сакавіку нам будуць перадавацца вытворчыя плошчы пад мантаж абсталявання. У наступным годзе зборачны цэх павінен трансфармавацца, павінны з'явіцца тры новыя зборачныя лініі, новая лагістыка арганізацыі цэха", - праінфармаваў дырэктар.

Паводле яго слоў, мадэрнізацыя вытворчасці завершыцца да канца 2023 года, будзе зманціравана ўсё тэхналагічнае абсталяванне. Паступова яно выйдзе на поўныя вытворчыя магутнасці. "Гэта будзе сучасны фарбавальны комплекс з двума відамі афарбоўкі, - удакладніў Мікалай Ладуцька. - Нашы спецыялісты яго самастойна змадэлявалі, такога, як нам патрэбны, нідзе не вырабляецца". Большая частка абсталявання будзе закуплена ў Кітаі. З гэтай краінай завод супрацоўнічае даўно і станоўча характарызуе прадукцыю па суадносінах цаны і якасці.

"У бягучым годзе мы адчулі змяненне кан'юнктуры і зніжэнне спажывецкага попыту як унутры Беларусі, так і на тых тэрыторыях, куды мы прадаём велапрадукцыю. У Расійскай Федэрацыі фізічны попыт знізіўся на 30 працэнтаў, у Беларусі - падобнае зніжэнне фізічных продажаў", - адзначыў кіраўнік завода. Пры гэтым, паводле яго слоў, вытворцы як у Расіі, так і ў Беларусі бачаць значны рост паставак кантрафактных веласіпедаў, у асноўным праз мытныя пункты на граніцах Расіі з Казахстанам, Кітаем. І наконт гэтага нават напісалі сумесны зварот да кіраўніцтва расійскага ўрада. "Мы павінны гаварыць аб абароне вытворцы. Не аб тым, каб ён працаваў у цяплічных умовах, а аб тым, каб ён быў абаронены і мог канкурыраваць з іншымі вытворцамі ў адкрытай прасторы. Той жа Кітай, Індыя, Еўрапейскі саюз абаронены", - сказаў Мікалай Ладуцька.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі