Сцяг Нядзеля, 15 чэрвеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 мая 2025, 17:01

"Не ўступаем замежным кампаніям". "Беларуснафта" аб тэхналогіях у рабоце з цяжказдабыўнымі запасамі

 

23 мая, Рэчыцкі раён /Кар. БЕЛТА/. У тэхналогіях, падыходах з цяжказдабыўнымі запасамі нафты беларускія нафтавікі не ўступаюць іншаземцам. Акцэнт на гэтым у размове з журналістамі зрабіў намеснік генеральнага дырэктара "Беларуснафты" Дзяніс Вараб'ёў у час выязной сесіі міжнароднай канферэнцыі "Цяжкія, але здабыўныя запасы нафты: ад ацэнкі да распрацоўкі". Выязная сесія, на якой прадстаўлены практычны вопыт распрацоўкі радовішчаў з нетрадыцыйнымі калектарамі, праходзіць на свідравінах Рэчыцкага радовішча, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Тэарэтычная частка маштабнай міжнароднай канферэнцыі "Цяжкія, але здабыўныя запасы нафты: ад ацэнкі да распрацоўкі" праходзіла 21-22 мая ў Мінску. Форум стаў платформай лідараў і прафесіяналаў нафтагазавай галіны для абмену вопытам, дэманстрацыі перадавых распрацовак і пошуку рашэнняў у галіне работы з цяжказдабыўнымі запасамі нафты.

"Мы разумеем, што сёння тэма распрацоўкі цяжказдабыўных запасаў актуальна для ўсіх рынкаў, у тым ліку Расійскай Федэрацыі, Кітайскай Народнай Рэспублікі, нашай краіны. Мы займаемся ўжо доўгі перыяд часу работай на радовішчах. Актыўнай работай. І гэта не доследна-прамысловыя выпрабаванні, гэта пастаўлены ўжо на канвеер працэс бурэння, працэс асваення такіх адкладанняў", - падкрэсліў Дзяніс Вараб'ёў.

Ён зрабіў акцэнт на тым, што беларускі вопыт цікавы замежным калегам. "Вопыт наш унікальны тым, што ў нас поўны канвеерны цыкл унутры кампаніі. Мы - кампанія, якая ажыццяўляе ўсе віды сэрвісаў уласнымі сіламі. І, адпаведна, канвеернасць выбудоўвалася на кожным этапе. Скарачаліся тэрміны правядзення работ, зніжалася затратная частка сабекошту работ. І мы прадэманстравалі і паказалі, што з гэтымі запасамі можна працаваць толькі калі кожны этап выбудаваны, аптымізаваны і мінімізаваны па тэрмінах і затратах", - падкрэсліў намеснік гендырэктара.

Паводле яго слоў, прадстаўнікі "Беларуснафты" пастаянна наведваюць замежныя кампаніі. "Вывучаецца вопыт, і лепшыя практыкі потым прыцягваюцца тут (у Беларусі. - Заўвага БЕЛТА). Гэты працэс на самай справе ўзаемны. Калі б не было нашых замежных праектаў, не было б канкурэнтнага асяроддзя з калегамі, то і не было б такой дынамікі развіцця", - упэўнены Дзяніс Вараб'ёў.

"І мы не ўступаем іншаземцам. Амерыка была, так сказаць, лідарам гэтага напрамку, і мы вопыт фактычна пераймалі менавіта ў іх. Распрацоўкі, падыходы, якія былі ў іх, мы прывялі да нас у краіну, але адаптавалі пад нашы горна-геалагічныя ўмовы і здабываем цяжкую нафту", - расказаў намеснік генеральнага дырэктара.

Ён дадаў, што ў час канферэнцыі дэлегацыя буйнейшай кітайскай здабыўной кампаніі таксама падзялілася сваім вопытам па распрацоўцы цяжказдабыўных запасаў. "І мы разумеем, што знаходзімся на адным узроўні, разумеем, што падыходы і ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы, і ў нас сёння не ўступаюць адзін аднаму. Гэта значыць, у кожнага ёсць свой моцны бок, у кожнага ёсць свае нюансы ў рамках глыбінь, залягання гэтых адкладанняў. Але падыход з пункту гледжання вывучэння, падыход з пункту гледжання распрацоўкі гэтых адкладанняў у нас практычна аднолькавы", - рэзюмаваў Дзяніс Вараб'ёў.

Вытворчае аб'яднанне "Беларуснафта" створана ў 1966 годзе. Прадпрыемства вядзе пошук, разведку і распрацоўку нафтавых радовішчаў, бурэнне свідравін, здабычу нафты і спадарожнага нафтавага газу ў Беларусі, працуе ў нафтавай сферы іншых краін.-0-

Фота Сяргея Халадзіліна
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі