ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Субота, 4 снежня 2021
Мінск -3°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
28 кастрычніка 2021, 14:17

Назараў расказаў аб распрацаваных Беларуссю антысанкцыйных мерах

Юрый Назараў
Юрый Назараў

28 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік прэм'ер-міністра Юрый Назараў расказаў аб распрацаваных Беларуссю антысанкцыйных мерах у час сумеснага пасяджэння Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі ў Авальнай зале Дома ўрада, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Для процідзеяння санкцыйным мерам і мінімізацыі іх наступстваў ва ўрадзе створана міжведамасная рабочая група з прадстаўнікоў 17 міністэрстваў і ведамстваў, уключаючы Адміністрацыю Прэзідэнта, Дзяржаўны сакратарыят Савета бяспекі, КДК, КДБ і Нацыянальны банк. На сёння міжведамаснай рабочай групай выпрацаваны шэраг антысанкцыйных мер", - сказаў Юрый Назараў.

Паводле яго слоў, кропкавыя меры ў прамысловым, нафтахімічным, транспартным і банкаўскім сектарах для нармалізацыі іх фінансава-гаспадарчай дзейнасці прыняты неадкладна. Як вынік, нягледзячы на санкцыі, экспарт прадукцыі МАЗа і БЕЛАЗа ў параўнанні з мінулым годам вырас амаль на $250 млн, нафтахіміі - на $700 млн, па азотных і калійных угнаеннях - на $100 млн.

У нафтаперапрацоўцы прыняты меры па захаванні магчымасці экспарту нафтапрадуктаў у неабходным аб'ёме і забеспячэнні "Нафтана" крэдытнымі рэсурсамі для бесперабойных паставак нафты на прадпрыемства. "Рэалізацыя гэтых мер дала магчымасць вырашыць пытанне з загрузкай абодвух НПЗ. Да канца гэтага года яны будуць загружаны з гадавым аб'ёмам перапрацоўкі 16,8 млн т у год, што практычна на 0,5 млн т больш, чым у мінулым годзе. Мы лічым, што гэта на сёння аптымальная загрузка", - адзначыў віцэ-прэм'ер. Акрамя таго, у поўным аб'ёме забяспечаны патрэбнасці ўнутранага рынку ў нафтапрадуктах і нафтахімічнай сыравіне, а па нафтапрадуктах створаны іх 30-сутачны запас.

Цяпер урадам сумесна з расійскім бокам вядзецца работа па перанакіраванні беларускіх грузаў з прыбалтыйскага напрамку на расійскі. "У частцы нафтапрадуктаў з расійскім бокам гэта схема працуе ўжо, мы нічога па частцы лагістыкі не страцілі", - звярнуў увагу Юрый Назараў. Прадпрыемствы Мінпрама, якія трапілі пад санкцыі, шукаюць альтэрнатыўных пастаўшчыкоў камплектуючых вырабаў, а таксама альтэрнатыўныя маршруты пастаўкі прадукцыі. Так, БЕЛАЗам падпісаны кантракт на пастаўку 139 матарокамплектаў рухавікоў з альтэрнатыўным вытворцам. Акрамя таго, дасягнута дамоўленасць з Уральскім дызель-маторным заводам аб выпуску рухавікоў для кар'ерных самазвалаў БЕЛАЗа.

Віцэ-прэм'ер падкрэсліў, што рэальнае зніжэнне рызыкі непастаўкі камплектуючых у машынабудаванні - гэта аператыўнае стварэнне ўласных вытворчасцей па праграме імпартазамяшчэння. Яскравы прыклад - работа "АМКАДОРа" па лакалізацыі вытворчасці асноўных вузлоў і агрэгатаў для лесанарыхтоўчай тэхнікі.

Акрамя таго, для арганізацыі ў краіне ўласнай вытворчасці рухавікоў для тэхнікі БЕЛАЗа, МТЗ, "Гомсельмаша", Мінскага завода колавых цягачоў Мінскім маторным заводам сумесна з кітайскай кампаніяй прапрацоўваецца праект па стварэнні рухавікоў магутнасцю 450 к.с. і вышэй.

Юрый Назараў таксама праінфармаваў аб тым, што МАЗ і БЕЛАЗ падалі іскі ў еўрапейскія інстанцыі. "Нашы заявы прыняты да разгляду. Мы патрабуем ануляваць абмежавальныя меры, прынятыя Еўрапейскім саюзам у дачыненні да гэтых кампаній", - заявіў ён.

Віцэ-прэм'ер таксама нагадаў, што Нацыянальным саветам па працоўных і сацыяльных пытаннях - гэта трохбаковая дыялогавая пляцоўка паміж урадам, прафсаюзамі і наймальнікамі - было прынята ўзгодненае рашэнне аб правядзенні міжнароднай канферэнцыі "Уплыў глабальных эканамічных выклікаў на сацыяльна-працоўныя правы чалавека" з мэтай ацэнкі практыкі прымянення аднабаковых санкцый. Гэта канферэнцыя прайшла ў верасні ў Мінску з удзелам каля 400 чалавек з 15 краін, уключаючы прадстаўнікоў ААН, дыпламатычнага корпуса, міждзяржаўных аб'яднанняў і вядучых экспертаў у галіне міжнароднага права.

"Пазіцыя ўсіх удзельнікаў канферэнцыі адназначная: аднабаковыя прымусовыя санкцыі незаконныя. Па выніках форуму прыняты два важнейшыя дакументы. Першы - заключэнне экспертаў, у якім прапісана, якія міжнародныя дакументы парушаны, ад Статута і рэзалюцый ААН да Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Другі - рэзалюцыя канферэнцыі, у якой пацвярджаецца незаконнасць санкцый і падтрыманы тэзіс аб неабходнасці выпрацоўкі канкрэтных мер сумеснага рэагавання дзяржаў - членаў ЕАЭС у адказ на знешні эканамічны націск. Названыя дакументы могуць стаць рэальнай асновай для далейшай работы па абароне інтарэсаў нашых грамадзян ад незаконных дзеянняў Еўрасаюза і іншых краін, якія ўводзяць і падтрымліваюць санкцыі", - рэзюмаваў Юрый Назараў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі