Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
15 чэрвеня 2022, 16:53

Назараў: конкурсы ў галіне якасці нацэльваюць прадпрыемствы на выпуск экалагічнай і бяспечнай прадукцыі

15 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Конкурсны рух у галіне якасці нацэльвае ўсе сегменты эканомікі на выпуск якасных, экалагічных, бяспечных і рэсурсазберагальных відаў прадукцыі і паслуг. Аб гэтым заявіў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Юрый Назараў у час цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу на саісканне прэміі ўрада за дасягненні ў галіне якасці ў 2021 годзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Конкурсны рух у галіне якасці актыўна развіваецца ў нашай рэспубліцы і нацэльвае ўсе сегменты эканомікі на выпуск якасных, экалагічных, бяспечных і рэсурсазберагальных відаў прадукцыі і паслуг. Пачынаючы з 1999 года лаўрэатамі прэміі ўрада сталі больш за 250 арганізацый з розных галін эканомікі. У гэтым годзе камісія па прысуджэнні прэміі ўрада прыняла рашэнне аб прысваенні звання лаўрэата 2021 года 29 арганізацыям. З іх 15 сталі лаўрэатамі ўпершыню, а 14 пацвердзілі званне паўторна", - сказаў Юрый Назараў.

Паводле яго слоў, сённяшнія лаўрэаты прэміі прадстаўляюць зрэз усёй эканомікі краіны - гэта прамысловасць, транспарт і камунікацыі, энергетыка, будаўніцтва, адукацыя і г.д. "Прычым гэта не толькі прадпрыемствы дзяржаўнага сектара, але таксама і прыватныя арганізацыі", - адзначыў ён.

Прадукцыя большасці лаўрэатаў прэміі атрымала прызнанне не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. "Прыкладна 70-80 працэнтаў прадукцыі некаторых нашых прадпрыемстваў экспартуецца. Гэта БЕЛАЗ, "Энергакамплект", "Брэстгазапарат", "Гандальмаш", "Пружанскі малочны камбінат", "Савушкін прадукт" і іншыя", - дадаў віцэ-прэм'ер.

Стварэнне высокатэхналагічнай і канкурэнтаздольнай на сусветным рынку прадукцыі немагчыма без прымянення новых тэхналогій, сучаснага высокапрадукцыйнага энергазберагальнага абсталявання, сучасных метадаў кіравання і прыцягнення інвестыцый. "У некалькі разоў павялічылі аб'ёмы інвестыцый у развіццё вытворчасці такія прадпрыемствы, як Мінскі маторны завод, "Малочны гасцінец", Жабінкаўскі камбікормавы завод", - звярнуў увагу Юрый Назараў.

Важкі ўклад у развіццё нацыянальнай эканомікі ўносяць прадпрыемствы харчовай прамысловасці. "Нашым пераможцам - вытворцам малочнай прадукцыі ўдалося пакарыць самыя канкурэнтныя і прывабныя рынкі харчовай прадукцыі дзякуючы гібкасці і своечасоваму рэагаванню на змяненне знешніх і ўнутраных умоў", - падкрэсліў ён.

Як адзначыў намеснік прэм'ер-міністра, павышэнне якасці айчыннай прадукцыі не толькі садзейнічае павелічэнню экспарту, але таксама дае магчымасць на ўнутраным рынку краіны замяшчаць імпартуемыя тавары раўнацэннымі беларускімі. "Сёння ва ўмовах існуючых абмежавальных мер як ніколі вялікае значэнне мае імпартазамяшчэнне. Стварэнне ўласных магутнасцей дае магчымасць зменшыць, а па шэрагу пазіцый поўнасцю выключыць залежнасць ад паставак імпартнай прадукцыі", - сказаў віцэ-прэм'ер.

Мэтанакіраваную работу па стварэнні імпартазамяшчальнай прадукцыі праводзяць і сённяшнія лаўрэаты конкурсу. "Актыўна ўключаны ў гэту работу нашы машынабудаўнічыя прадпрыемствы, асабліва вытворцы сельгастэхнікі - "Гомсельмаш", "Бабруйскаграмаш". 70 працэнтаў кабельна-правадніковай прадукцыі, што вырабляецца віцебскім прадпрыемствам "Энергакамплект", з'яўляецца імпартазамяшчальнай. На "Віцебскіх дыванах" запушчана новая вытворчасць па выпуску поліпрапіленавых ніцей дывановага прызначэння", - расказаў ён.

"Бягучая сітуацыя вымушае нас станавіцца больш незалежнымі і самастойнымі ў глабальнай эканоміцы замежных карпарацый. Тут можна адзначыць уклад нацыянальнага аператара электрасувязі "Белтэлекам" і буйнейшага будаўнічага прадпрыемства рэспублікі ААТ "МАПІД", - акцэнтаваў увагу Юрый Назараў.

Установы адукацыі - лаўрэаты прэміі ўрада дэманструюць упэўненае развіццё па ўсіх напрамках сваёй дзейнасці - навуковай, адукацыйнай, выхаваўчай. "Адпавядаючы патрэбнасцям часу, аператыўна ўкараняюць практыка-арыентаваныя і сеткавыя формы навучання, лічбавыя тэхналогіі. Ствараюць навукова-вытворчыя цэнтры і лабараторыі, развіваюць экспарт адукацыйных паслуг, павышаюць свой аўтарытэт і міжнароднае прызнанне. Залог паспяховай дзейнасці сёння - гэта ініцыятыва, самастойнасць і адказнасць за вынік", - канстатаваў ён.

Віцэ-прэм'ер выказаў словы ўдзячнасці пераможцам за працу і ўпартасць, невычэрпную энергію і волю, творчы пошук, веру ў сваю справу, а таксама за дасягнутыя вынікі. Ён пажадаў далейшай паспяховай работы, новых высокіх дасягненняў у развіцці сваіх вытворчасцей, павышэння іх эфектыўнасці і забеспячэння якасці прадукцыі і паслуг. "Бо менавіта якасць вырабленай прадукцыі фарміруе эканамічную моц краіны, а значыць, жыццёвы ўзровень кожнага з нас, а таксама ўпэўненасць у заўтрашнім дні", - рэзюмаваў Юрый Назараў.

Конкурс на саісканне прэміі ўрада Беларусі за дасягненні ў галіне якасці ў 2021 годзе быў праведзены 23-і раз. Яго лаўрэатамі сталі 15 арганізацый, 14 - пацвердзілі званне лаўрэата паўторна, адна арганізацыя прызнана дыпламантам конкурсу. Тры арганізацыі ўдастоены спецыяльных узнагарод конкурсу: "Лідарства", "Удасканаленне менеджменту", "Сацыяльная адказнасць". Пераможцы прадстаўляюць машынабудаўнічую, транспартную, энергетычную, будаўнічую, харчовую і іншыя галіны, а таксама сферу паслуг.

Званне лаўрэата прэміі забяспечвае арганізацыі рэпутацыю надзейнага вытворца высакаякаснай і канкурэнтаздольнай прадукцыі, садзейнічае пашырэнню рынкаў яе збыту, адкрывае новыя дзелавыя магчымасці. Лаўрэаты прэміі на працягу 3 гадоў могуць выкарыстоўваць выяву яе эмблемы ў маркіроўцы тавараў, дакументацыі, у рэкламных матэрыялах. Звесткі аб прадпрыемтвах-пераможцах размяшчаюцца на сайтах Дзяржстандарту і "Качество.бел", уключаюцца ў штогадовы каталог, які накіроўваецца ў прадстаўніцтвы Беларусі за мяжой.

Сёння таксама ўручаны нагрудныя знакі "Лідар якасці", узнагароджаны пераможцы конкурсаў "Лепшы менеджар па якасці" і "Лепшая дыпломная і навукова-даследчая работа студэнтаў у галіне менеджменту і кантролю якасці".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі