Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
14 верасня 2021, 13:41

Нацбанк: ва ўмовах санкцый сітуацыя ў банкаўскім сектары Беларусі дастаткова ўстойлівая

14 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ва ўмовах санкцый сітуацыя ў банкаўскім сектары Беларусі даволі ўстойлівая. Аб гэтым заявіў член праўлення Нацыянальнага банка, начальнік галоўнага ўпраўлення аперацый на фінансавых рынках Дзяніс Гарагляд падчас прэзентацыі "Супрацоўніцтва з беларускімі банкамі ва ўмовах сектаральных санкцый", арганізаванай Банкам БелВЭБ сумесна з Нацбанкам. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе камерцыйнага банка.

Анлайн-мерапрыемства прайшло з удзелам прадстаўнікоў Сусветнага банка, Дзяржаўнага банка развіцця Кітая, Банка Харбіна, Банка развіцця, Белаграпрамбанка, беларускіх і кітайскіх арганізацый, дыпламатычных прадстаўніцтваў, кліентаў банкаў.

Дзяніс Гарагляд падзяліўся асноўнымі тэндэнцыямі развіцця банкаўскай сістэмы Беларусі і магчымасцямі разлікаў у нацыянальных валютах ва ўмовах санкцый. Ён адзначыў, што з улікам санкцый сітуацыя ў банкаўскім сектары даволі ўстойлівая. Пры гэтым адносна беларускіх банкаў няма абмежаванняў на правядзенне разлікаў і абслугоўванне кліентаў.

Што датычыцца пытання пераходу прадпрыемстваў і банкаў Беларусі на разлікі ў нацыянальных валютах, то, на думку Дзяніса Гарагляда, яно актуальнае незалежна ад сектаральных санкцый і ўжо сёння многія суб'екты гаспадарання гатовы да такога кроку. Напрыклад, у структуры знешняга гандлю Беларусі валюты, адрозныя ад долараў ЗША і еўра, маюць значную долю: па экспарце - 36 працэнтаў, па імпарце - 50 працэнтаў. Таксама назіраецца трэнд на павелічэнне разлікаў у кітайскіх юанях, аднак іх удзельная вага ў агульнай структуры разлікаў даволі нізкая. Гэта азначае, што ёсць патэнцыял для істотнага росту, у тым ліку пры ўмове аднаўлення СВОП-пагаднення з Народным банкам Кітая.

Наконт міжбанкаўскага супрацоўніцтва Дзяніс Гарагляд падкрэсліў, што па стане на 1 ліпеня беларускія камерцыйныя банкі адкрылі 9 карэспандэнцкіх рахункаў у кітайскіх юанях у банках КНР, што дае банкам магчымасць якасна і аператыўна ажыццяўляць плацяжы і аперацыі ў кітайскіх юанях. Акрамя таго, у Беларусі даволі шырока прадстаўлена сістэма UnionPay, карткі якой прымаюцца амаль 1,5 тыс. банкаматаў і больш за 75 тыс. плацежных тэрміналаў.

"Разам з тым мы хацелі б заклікаць да пашырэння супрацоўніцтва паміж банкамі дзвюх краін, адкрыцця міжбанкаўскіх крэдытных ліній, пашырэння інструментаў гандлёвага фінансавання і прадастаўлення кліентам поўнага спектра паслуг па разліках у нацыянальных валютах. Асноўнай мэтай развіцця двухбаковага супрацоўніцтва Беларусі і КНР у банкаўскай і фінансавай сферах павінна стаць яго набліжэнне да ўзроўню дзеючага палітычнага ўзаемадзеяння", - рэзюмаваў Дзяніс Гарагляд.

Першы намеснік старшыні праўлення Банка БелВЭБ Тарас Надольны адзначыў, што яны гатовы дзяліцца вопытам работы ва ўмовах сектаральных санкцый. "Банк у бягучым годзе адзначае сваё 30-годдзе. З іх дастатковы перыяд часу працуе ва ўмовах сектаральных санкцый. Мы гатовы дзяліцца сваім вопытам і магчымасцямі, шукаць новыя шляхі вырашэння ва ўмовах новых выклікаў. У 2021 годзе адносна шэрага беларускіх банкаў былі ўведзены сектаральныя санкцыі. З-за зменлівай сітуацыі, дэфіцыту інфармацыі, нявызначанасці ў нашых і не толькі нашых кліентаў і партнёраў узнікае зразумелая насцярожанасць, а часам і жаданне скараціць або нават спыніць супрацоўніцтва. На наш погляд, рабіць гэтага не трэба. Трэба шукаць новыя магчымасці для работы ў гэтых умовах", - падкрэсліў ён.

Кіраўнік праекта ўпраўлення развіцця экасістэмы Банка БелВЭБ, экс-пасол Беларусі ў Кітаі, прафесар, доктар эканамічных навук Кірыл Руды нагадаў: нашы дзве краіны сутыкаліся з санкцыямі не раз. Ён лічыць, што сёння зноў актуальнымі становяцца разлікі ў нацыянальных валютах, аднаўленне СВОП-пагаднення паміж цэнтрабанкамі Беларусі і Кітая для кароткатэрміновага фінансавання гандлю, выкарыстанне блокчэйн-тэхналогій, фінансавых крыптаплатформ.

"У Кітаі кажуць: вясной кветкі распускаюцца самі. Цяпер восень. З аднаго боку, само нічога не вырасце - трэба супрацоўнічаць. З іншага - не варта драматызаваць сітуацыю, ідуць трэнды па эканамічным росце, інфляцыі, валютных рэзервах, абменным курсе, развіцці банкаў. Макраэканамічная і фінансавая стабільнасць у краіне забяспечваецца", - рэзюмаваў Кірыл Руды.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі